Польскае інфармацыйнае агенцтва PAP лічыць уключэнне свайго сайта ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» беларускага Мінінфарма спробай абмежаваць доступ да дакладнай інфармацыі.
«Мы разглядаем рашэнне беларускага суда як спробу абмежаваць доступ да дакладнай і незалежнай інфармацыі. Польскае інфармацыйнае агенцтва працягне асвятляць падзеі ў Беларусі ў адпаведнасці са стандартамі прафесійнай журналістыкі.
Гэтае рашэнне не зменіць нашы прынцыпы або метады працы. Пры гэтым мы з асаблівай адказнасцю ставімся да бяспекі нашых крыніц і атрымальнікаў у Беларусі», — заявіў гендырэктар агенцтва Марэк Блоньскі.
Нагадаем, рашэнне аб прызнанні сайта PAP «экстрэмісцкімі матэрыяламі» 28 ліпеня прыняў суд Горацкага раёна Магілёўскай вобласці. Учора агенцтва было дададзена ў спіс Мінінфарма.
Трэба адзначыць, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць абвінавачанні ў экстрэмізме для барацьбы з апанентамі Лукашэнкі і іншадумствам у цэлым.