Кітайская дзяржаўная кампанія ўдзельнічае ў стварэнні лініі па выпуску кампанентаў рэактыўных боепрыпасаў у Беларусі

Кітайская дзяржаўная кампанія ўдзельнічае ў стварэнні вытворчай лініі для выпуску кампанентаў баявых частак 122-мм рэактыўных боепрыпасаў на базе беларускага дзяржаўнага абароннага прадпрыемства. Гэта вынікае з кантрактаў, транзакцыйных запісаў і пратаколаў нарад, якія ініцыятыва BELPOL перадала ў распараджэнне японскага выдання Nikkei.

Згодна з дакументамі, 20 снежня 2023 года ў Пекіне China National Electronics Import & Export Corporation (CEIEC) падпісала кантракт з беларускім Рэспубліканскім вытворчым унітарным прадпрыемствам «Завод дакладнай электрамеханікі» (ЗДЭМ). Прадмет пагаднення — праектаванне і пастаўка вытворчай лініі для «кампанентаў баявых частак 122-мм рэактыўных снарадаў».

Кантракт прадугледжвае стварэнне лініі, якая будзе забяспечваць адзін з ключавых этапаў вытворчасці — снаражэнне баявых частак выбуховымі рэчывамі, уключаючы тратыл (TNT). Кошт пагаднення складае эквівалент 26,8 млн долараў ЗША ў кітайскіх юанях. Кітайскі бок абавязуецца паставіць абсталяванне і тэхнічную дакументацыю, а таксама арганізаваць месячную праграму навучання ў Кітаі для 15 беларускіх спецыялістаў.

Тэрмін рэалізацыі праекта вызначаны ў 26 месяцаў з моманту падпісання. Дакументы таксама прадугледжваюць удзел кітайскіх спецыялістаў у выпуску 500 вопытных адзінак прадукцыі на беларускім прадпрыемстве з наступным кантролем серыйнай вытворчасці.

Планаваная магутнасць новай лініі — да 120 000 боепрыпасаў у год. Запуск вытворчасці намечаны на другую палову 2026 года. Пратакол анлайн-нарады ад 14 лістапада 2025 года фіксуе дамоўленасць аб пачатку мантажу абсталявання ў сакавіку 2026 года і завяршэнні работ у ліпені таго ж года.

Асобныя дакументы ўказваюць на атрыманне ЗДЭМ 18 кастрычніка 2023 года сертыфіката адпаведнасці на карпусы для транспарціроўкі ўзрывальнікаў да 122-мм рэактыўных снарадаў. Інспекцыю праводзіў расійскі орган па сертыфікацыі. Верагодна, боепрыпасы прызначаны для экспарту ў Расію.

122-мм рэактыўныя боепрыпасы адпавядаюць характарыстыкам рэактыўнай сістэмы залпавага агню БМ-21 «Град» і маюць далёкасць каля 20 кіламетраў.

Дакументы былі перададзены Nikkei беларускім аб’яднаннем былых сілавікоў BELPOL. Паводле сцвярджэння групы, матэрыялы атрыманы ад крыніц унутры абаронна-прамысловага сектара Беларусі. У пакеце — кантракты, фінансавыя запісы і пратаколы рабочых сустрэч.

CEIEC раней знаходзілася пад санкцыямі ЗША, уведзенымі ў 2020 годзе. На момант публікацыі кампанія не адказала на запыты Nikkei. Прадстаўнік ЗДЭМ заявіў выданню, што прадпрыемства з’яўляецца «спецыяльнай вытворчасцю» і не ўпаўнаважана адказваць на пытанні.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!