Фото: t.me/kgk_oficial
Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці праверыў 8 гандлёвых аб’ектаў у Быхаўскім, Крычаўскім і Магілёўскім раёнах. Парушэнні выяўлены амаль у кожным з іх.
У дзвюх прыватных крамах выявілі завышэнне цэн. Гандлёвыя надбаўкі на імпартныя вафлі, печыва, карамель, яблыкі і таматы былі перавышаныя больш як удвая. Падчас праверкі цэны прыведзеныя ў адпаведнасць з патрабаваннямі заканадаўства, заявілі ў КДК.
У пяці крамах прадаваліся тавары з пратэрмінаванымі тэрмінамі прыдатнасці — хлебабулачныя, кандытарскія і каўбасныя вырабы. У асобных выпадках пратэрміноўка склала 150 сутак. Гэтая прадукцыя знятая з рэалізацыі.
Амаль у кожнай краме не выконваўся абавязковы асартыментны пералік: на прылаўках адсутнічалі соль, яйкі, смятана і яблыкі.
Парушальнікам выдадзеныя прадпісанні і рэкамендацыі, прынятыя меры па ліквідацыі недахопаў.