Казахстан уводзіць электронны дазвол на ўезд

Казахстан запусціў у пілотным рэжыме платформу для замежных грамадзян QazETA. Яна прызначаная для выдачы электронных дазволаў на ўезд (ETA) для грамадзян бязвізавых краін, выдачы электронных віз і аказання іншых паслуг.

Як паведамляе пасольства Казахстана ў Беларусі, падаваць заяўку на атрыманне электроннага дазволу на ўезд трэба праз мабільную праграму не пазней чым за 72 гадзіны да паездкі. Тэрмін дзеяння дазволу складае 180 дзён.

“У пілотны перыяд атрыманне ETA для грамадзян краін, вызваленых ад візавых патрабаванняў Рэспублікі Казахстан, носіць рэкамендацыйны характар. Па яго завяршэнні плануецца паэтапнае ўвядзенне абавязковага атрымання ETA для названых катэгорый грамадзян”, — паведамілі ў пасольстве.

Ад неабходнасці атрымання ETA вызваляюцца ўладальнікі дыпламатычных і службовых пашпартоў, члены афіцыйных дэлегацый, а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаваныя ў Рэспубліцы Казахстан.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!