Еўрапейскі саюз і Індыя завяршылі перамовы па пагадненні аб свабодным гандлі

Еўрапейскі саюз і Індыя завяршылі перамовы па пагадненні аб свабодным гандлі. Пра гэта заявілі ў Еўракамісіі. Яны вяліся з 2007 года, былі прыпыненыя ў 2014-м і адноўленыя ў 2022 годзе.

“Сёння ЕС і Індыя твораць гісторыю, паглыбляючы партнёрства паміж найбуйнейшымі дэмакратыямі свету. Мы стварылі зону свабоднага гандлю з насельніцтвам у 2 мільярды чалавек, і абодва бакі атрымаюць эканамічную выгаду. Мы далі свету зразумець, што супрацоўніцтва, заснаванае на правілах, па-ранейшаму прыносіць выдатныя вынікі. І, што самае важнае, гэта толькі пачатак — мы будзем развіваць гэты поспех і ўмацоўваць нашы адносіны”, — прыводзіць прэс-служба ЕК словы старшыні камісіі Урсулы фон дэр Ляен.

Адзначаецца, што ЕС і Індыя цяпер маюць абарот гандлю таварамі і паслугамі на суму больш за 180 млрд еўра. Мяркуецца, што пры рэалізацыі пагаднення экспарт еўрапейскіх тавараў падвоіцца да 2032 года. Індыя пры гэтым знізіць або адменіць уводныя мыты на 96,6% еўрапейскага асартыменту. Гэты крок дазволіць эканоміць на мытах каля 4 млрд еўра штогод.

Як падкрэслілі ў ЕК, Індыя прадаставіць ЕС умовы, якіх не мае ніводная краіна на індыйскім рынку. Мыты на аўтамабілі паступова знізяцца са 110% да 10%, а тарыфы на аўтазапчасткі будуць цалкам адмененыя праз пяць-дзесяць гадоў. Таксама будуць у асноўным адмененыя мыты на прадукцыю машынабудавання, хімічнай і фармацэўтычнай галін. Акрамя таго, індыйскі рынак адкрываецца для еўрапейскай сельскагаспадарчай прадукцыі: мыты на аліўкавы алей будуць адмененыя на працягу пяці гадоў, мыты на віно зніжаныя да 20%, а таксама ўдвая зменшацца тарыфы на кандытарскія вырабы.

Еўрапейскія кампаніі таксама атрымаюць доступ да індыйскага рынку паслуг. Пагадненне забяспечвае высокі ўзровень абароны і выканання правоў інтэлектуальнай уласнасці, уключаючы аўтарскія правы, таварныя знакі, прамысловыя ўзоры, камерцыйныя таямніцы і правы на сарты раслін.

Цяпер узгодненыя праекты тэкстаў пагаднення і звязаных з ім дамоваў будуць накіраваныя на разгляд Еўрасавета, які павінен прыняць рашэнне аб падпісанні дакументаў. Пазней яны будуць зацверджаныя Еўрапарламентам і ўведзеныя ў дзеянне асобным рашэннем Савета.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!