Герман Галущенко. Фото: facebook.com/german.galushchenko
Былога міністра энергетыкі Германа Галушчанку затрымалі пры спробе выехаць з Украіны. Як паведамілі ў Нацыянальным антыкарупцыйным бюро Украіны, затрыманне адбылося ў межах расследавання справы «Мідас» пра маштабную карупцыйную схему ў энергетыцы.
“Сёння пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы дэтэктывы НАБУ затрымалі былога міністра энергетыкі ў межах справы «Мідас». Працягваюцца першачарговыя следчыя дзеянні, якія ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства і санкцыяй суда”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства.
Падрабязнасці абяцаюць паведаміць пазней.
Нагадаем, у лістападзе мінулага года ў НАБУ заявілі пра выкрыццё злачыннай арганізацыі, удзельнікі якой праз карупцыйныя схемы кантралявалі дзейнасць “Энергаатама”. Сцвярджалася, што ўдзельнікі сістэматычна атрымлівалі ад контрагентаў «адкаты» ў памеры 10–15% ад кошту кантрактаў.