Каранкевіч упаўнаважаны на падпісанне газавых пратаколаў з Расіяй
Рэдакцыя Reform.news · 4 лютага 2026, 08:13
https://reform.news/be/karankevich-upa-navazhany-na-padpisanne-gazavyh-pratakola-z-rasijaj/Савет міністраў упаўнаважыў віцэ-прэм’ера Віктара Каранкевіча на падпісанне пратаколаў па пастаўках газу з Расіяй. Пастанова ўрада №57 ад 2 лютага сёння апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступіла ў сілу з дня прыняцця.
Раней праекты пратаколаў зацвердзіў Аляксандр Лукашэнка. Дакументамі павінны быць вызначаныя ўмовы пастаўкі газу ў Беларусь.
Віктар Каранкевіч упаўнаважаны на правядзенне перамоваў і падпісанне двух пратаколаў:
- Пратакола аб унясенні змяненняў у Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі аб парадку фарміравання цэн (тарыфаў) пры пастаўцы прыроднага газу ў Рэспубліку Беларусь і яго транспарціроўцы па газаправодах, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ад 25 лістапада 2011 года,
- Пратакола аб унясенні змяненняў у Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі аб умовах куплі-продажу акцый і далейшай дзейнасці адкрытага акцыянернага таварыства «Белтрансгаз» ад 25 лістапада 2011 года.
Трэба адзначыць, што 2 лютага ў Маскве адбылося пасяджэнне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы. Аднак у пераліку падпісаных дакументаў гэтых пратаколаў няма.
