Камітэт Сейма Літвы ўхваліў прапанову аб абмежаваннях на куплю нерухомасці для беларусаў

Камітэт Сейма Літвы па замежных справах ухваліў прапанову звярнуцца да ўрада з просьбай падрыхтаваць папраўкі, якія абмяжоўваюць права расіян і беларусаў на набыццё нерухомасці ў краіне. Пра гэта піша LRT са спасылкай на BNS.

Кабінет міністраў просяць да 1 кастрычніка падрыхтаваць законапраекты, якія ўсталююць абмежаванні на куплю нерухомасці для беларусаў, а таксама забарону для грамадзян абедзвюх краін на набыццё аб’ектаў паблізу стратэгічна важных аб’ектаў Літвы. Раней кансерватары прапанавалі дазваляць беларусам і расіянам купляць нерухомасць толькі пры наяўнасці пастаяннага віду на жыхарства ў краіне.

Зараз дзеючы закон забараняе куплю нерухомасці толькі расіянам без віду на жыхарства ў Літве. Аналагічных абмежаванняў для беларусаў пакуль няма.

Тым часам на мінулым тыдні Сейм ухваліў працяг нацыянальных санкцый для грамадзян Расіі і Беларусі да 2028 года. Канчатковае галасаванне павінна адбыцца ў чацвер.

Згодна з урадавой прапановай, ранейшыя абмежавальныя меры застануцца ў сіле, а адзіным новаўвядзеннем стане забарона на ўвоз у Літву больш за 200 літраў паліва на транспартных сродках з гэтых краін.

Закон аб абмежавальных мерах прымяняецца ў Літве з 2023 года.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!