Фото: Reform.by
Камісія па фінансавым наглядзе Польшчы (UKNF) адказала на ліст намесніка ўпаўнаважанага па грамадзянскіх правах Войцеха Бжазоўскага. Амбудсмен звяртаў увагу, што беларусы, якія чакаюць рашэння па міжнароднай абароне, не могуць адкрыць рахунак у польскіх банках. UKNF прызнала наяўнасць праблем.
Бжазоўскі ўказваў, што беларусы, якія чакаюць разгляду заяў аб прадастаўленні міжнароднай абароны, сутыкаюцца з адмовамі банкаў з-за адсутнасці дакументаў, што пацвярджаюць асобу. Часовыя пасведчанні асобы замежніка, выдадзеныя на час разгляду хадайніцтва, банкі не лічаць дастатковай падставай для адкрыцця рахунку. Акрамя гэтага, беларусы, якія чакаюць міжнародную абарону, не маюць права на працу да завяршэння шасцімесячнага тэрміну чакання і таму не могуць прадставіць у банк дакументы пра працаўладкаванне і пра крыніцы даходу.
Камісія заявіла, што яшчэ ў чэрвені 2025 года разаслала ліст, згодна з якім банкі павінны прымаць часовае пасведчанне асобы замежніка ў якасці дакумента, што пацвярджае асобу. UKNF прызнала, што не ўсе банкі гэта робяць, і звярнулася да іх з пытаннем аб змяненні ўнутраных правілаў ідэнтыфікацыі.
UKNF таксама адзначыла, што банкі не маюць права адмаўляцца абслугоўваць грамадзян дзяржаў, у дачыненні да якіх дзейнічаюць санкцыі ЕС, толькі на падставе грамадзянства. «Кожнае рашэнне, якое датычыцца такога кліента, павінна грунтавацца на індывідуальным аналізе», — падкрэслівае камісія.
UKNF заявіла, што раней не ведала пра праблему з дакументамі пра працаўладкаванне для асоб, якія чакаюць рашэння па міжнароднай абароне.
Камісія па фінансавым наглядзе заявіла, што праводзіць паглыблены аналіз сітуацыі вакол грамадзян Беларусі і іх праблем з банкамі, і прыкладае ўсе намаганні, каб пытанне было вырашана.