Каля 5 тысяч былых вязняў фашызму ў Беларусі атрымаюць матэрыяльную дапамогу да Дня Перамогі

Паводле рашэння беларускага ўрада да Дня Перамогі кожны былы вязень фашысцкіх канцлагераў атрымае аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў памеры 1500 рублёў.

Урачыстыя ўручэнні пройдуць з 4 па 8 мая 2026 года, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Паводле дадзеных ведамства, у Беларусі пражывае каля 5 тысяч былых вязняў фашызму.

Акрамя разавай выплаты, былыя вязні штомесяц атрымліваюць надбаўку да пенсіі ў памеры 100% мінімальнай пенсіі па ўзросце — у красавіку 2026 года гэта 124 рублі. Для асоб старэйшых за 80 гадоў штомесячная надбаўка з улікам узроставых надбавак складае 310 рублёў. Час знаходжання ў канцлагерах і гета ўлічваецца ў падвойным памеры пры налічэнні пенсіі.

З мая 2025 года сацыяльныя гарантыі для гэтай катэгорыі грамадзян пашыраны: былыя вязні атрымалі права на бясплатнае лекавае забеспячэнне, санаторна-курортнае лячэнне, выраб і рамонт зубных пратэзаў, пазачарговае абслугоўванне ў медыцынскіх арганізацыях, а таксама льготы пры карыстанні транспартам і паслугамі культурных устаноў.

11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Ён устаноўлены ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні ў Бухенвальдзе. У гэты дзень у 1945 годзе вязні захапілі канцлагер і ўтрымлівалі яго да прыходу саюзных войскаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!