Каля 300 замежных турыстаў зніклі без вестак у Непале пасля паводкі. МЗС Беларусі сочыць за сітуацыяй
Рэдакцыя Reform.news · 26 жніўня 2026, 16:32
https://reform.news/be/kalja-300-zamezhnyh-turysta-znikli-bez-vestak-u-nepale-paslja-pavodki-mzs-belarusi-sochyc-za-situacyjaj/У гарах Непала пасля разбуральнай паводкі і апоўзня загінулі не менш за 22 чалавекі. Амаль 400 чалавек лічацца зніклымі без вестак. Сярод зніклых — 291 замежны турыст.
Паводле інфармацыі Турыстычнага ўпраўлення Непала, сярод зніклых — грамадзяне Індыі, Аўстраліі, ЗША, Малайзіі, Вялікабрытаніі і ПАР.
МЗС Беларусі заяўляе, што не мае інфармацыі пра пацярпелых у Непале грамадзян Беларусі.
«Інфармацыі пра пацярпелых або загінулых грамадзян Беларусі ў Пасольства Беларусі ў Індыі (акрэдытавана ў Непале па сумяшчальніцтве) не паступала», — заявілі ў МЗС, дадаўшы, што сочаць за сітуацыяй.
Раптоўная паводка адбылася на рацэ Бхатэкошы на мяжы з Тыбетам. Паводле папярэдніх даных, прычынай стала землетрасенне ў Тыбеце магнітудай 4,4. Яно справакавала апоўзень, які перагарадзіў рэчышча ракі Лхендэ, што прывяло да выхаду ракі Бхатэкошы з берагоў. Разглядаецца таксама версія прарыву ледавіковага возера.
