Reform.news

Грамадзянка Беларусі падазраецца ў адмыванні грошай у Польшчы

Рэдакцыя Reform.news · 19 кастрычніка 2026, 08:57

https://reform.news/be/gramadzjanka-belarusi-padazraecca-admyvanni-groshaj-u-polshchy/

У Польшчы спынена дзейнасць міжнароднай групы, якая займалася адмываннем грошай. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марцін Кервіньскі. Паводле інфармацыі Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW), сярод затрыманых грамадзянка Беларусі і грамадзяне Украіны.

“Службы ліквідавалі міжнародную групу, якая займалася адмываннем грошай ад махлярства з інвестыцыямі і крыптавалютамі. Былі затрыманыя дзевяць чалавек, а сума транзакцый перавысіла 337 млн злотых (каля 87 млн долараў – заўв. Reform.news). Канфіскаваныя золата і наяўныя грошы на суму больш за 1 млн злотых (амаль 260 тыс. долараў – заўв. Reform.news)”, – паведаміў міністр.

У паведамленні ABW гаворыцца, што сярод затрыманых восем грамадзян Украіны (тры жанчыны і пяцёра мужчын), а таксама грамадзянка Беларусі.

Паводле версіі польскіх праваахоўнікаў, групу ўзначальваў 34-гадовы грамадзянін Украіны. Ён прымаў ключавыя рашэнні і кантраляваў унутраны і міжнародны абарот сродкаў, атрыманых з незаконных крыніц. Грошы адмываліся праз абмен валюты і фіктыўныя пакупкі золата.

Падазраваныя былі затрыманыя ў Варшаве, Лодзі і Малапольскім ваяводстве.

Шасцёра падазраваных рашэннем суда змешчаныя пад варту на 3 месяцы, адзін – на 2 месяцы. Яшчэ двое адпушчаныя пад заклад. Яны знаходзяцца пад наглядам паліцыі і не маюць права пакідаць краіну. Якая мера стрымання прынята ў дачыненні да грамадзянкі Беларусі, у прэс-рэлізе не ўдакладняецца.

Фота: CBZC
Фота: CBZC
Рэклама

Пакінуць адказ