Калеснікава атрымала прэмію Карла Вялікага праз чатыры гады пасля прысуджэння

У суботу, 14 сакавіка, у Каранацыйнай зале ратушы нямецкага Ахена адбылася ўрачыстая перадача Міжнароднай прэміі імя Карла Вялікага Марыі Калеснікавай. Фота і відэа цырымоніі падзяліўся аргкамітэт прэміі.

У 2022 годзе прэмію атрымалі Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала — за барацьбу беларускага грамадства за дэмакратыю, годнасць і еўрапейскія каштоўнасці. Тады Марыя знаходзілася ў зняволенні ў Беларусі і не магла прысутнічаць на цырымоніі асабіста. Яе прадстаўляла сястра Таццяна Хоміч.

Нагадаем, у студзені 2022 года Марыю Калеснікаву прыгаварылі да 11 гадоў калоніі, абвінаваціўшы ў спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання. У лістападзе 2022 года яна перанесла аперацыю ў бальніцы. З лютага 2023 года Марыя ўтрымлівалася ў рэжыме інкамунікада. У лістападзе 2024 года ёй дазволілі сустрэцца з бацькам.

Калеснікава была сярод 123 палітвязняў, вызваленых 13 снежня 2025 года. Большую частку людзей беларускія ўлады вывезлі ва Украіну, пасля яны змаглі выехаць у краіны ЕС. 87 чалавек прыбылі ў Польшчу, 20 — у Літву. Марыю Калеснікаву і Віктара Бабарыку афіцыйна прыняла Германія.

Прэмія штогод прысуджаецца за значны ўклад у справу еўрапейскага адзінства. У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся Уінстан Чэрчыль, Конрад Адэнаўэр, Вацлаў Гавэл, папа Ян Павел II і папа Францішак, Хаўер Салана, Ангела Меркель, Эманюэль Макрон, Даля Грыбаўскайтэ, Дональд Туск, Біл Клінтан, Тоні Блэр і Еўрапейская камісія як інстытут.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!