«Лексікон «Каласоў пад сярпом тваім», «Імёны свабоды» і іншыя кнігі… Як прайшоў апошні дзень беларускай праграмы кніжнага кірмашу ў Варшаве

У заключны дзень Міжнароднага кніжнага кірмашу ў Варшаве прайшло некалькі цікавых імпрэзаў – сустрэчы з двума былымі палітзняволенымі Аляксандрам Фядутам і Віктарам Бабарыкам і тры прэзентацыі кніг: «Норадрэналін» Яўгена Анашкіна, «Імёны Свабоды. Частка 1», Уладзіміра Арлова і «Вячэра з чужым каханкам» Валянціны Аксак.

Вакол «Каласоў…»

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» пісьменнік і журналіст Аляксандр Фядута лічыць самай важнай беларускай кнігай ХХ стагоддзя, таму што яна пісалася «беларусам для беларусаў пра беларусаў і адмыслова апісвала працэс, як стаць беларусам. Гэта падручнік, як стаць беларусам».

Аляксандр Фядута вельмі даўно выношваў ідэю стварыць грунтоўны каментар (нават энцыклапедыю) да галоўнага беларускага гістарычнага рамана «Каласы пад сярпом тваім». Аднак вольны час у яго з’явіўся толькі ў «Амерыканцы». Яму дазволілі набыць «Каласы», і ён пачаў працаваць. Пазней рукапіс з велізарнымі цяжкасцямі ўдалося перадаць на волю.

Свой каментар да Караткевіча «Лексікон “Каласоў пад сярпом тваім”» ён пісаў як дапаможнік настаўніку. Як філолаг і літаратуразнаўца ён бачыць пэўныя рэчы, якіх не бачыць чытач.

«Мая кніга – спроба змясціць раман Караткевіча не проста ў літаратурны кантэкст, але ёсць рэч, пра якую тут не напісана, але якую адчуў мой следчы, – патлумачыў Фядута. – Гэта кніжка цалкам знаходзіцца ў кантэксце 2020 года, гэта кніжка – для той моладзі, якая прайшла праз 2020 год. І гэта заўважыў следчы, які падкрэсліваў алоўкам пэўныя радкі ў маіх сшытках. І гэта зразумелі чытачы, супрацоўнікі “Белсату”, таму што яны ў тэксце пра гэтую кніжку выцягнулі тое, што падкрэсліў падпалкоўнік Акуліч… Значыць чытач, які знаходзіцца ў кантэксце ў тым ліку 2020 года, мае шанс гэты кантэкст адчуць».

З ім пагадзіўся гісторык Аляксандр Смалянчук, які расказаў, што актуальнасць кнігі Караткевіча асабліва востра стала заўважная пасля 2020 года, бо раман – пра пошук нацыянальнай самасвядомасці, пра тое, як нараджаецца пачуццё беларушчыны.

А таксама – пра пачуццё свабоды і чалавечую годнасць. І вельмі сімвалічна, што каментар да гэтага рамана быў напісаны ў турме.

«Каласы» важныя для нас і таму, што там ёсць постаць Каліноўскага. Гісторык згодны з Фядутам, што Каліноўскі ўвайшоў у свядомасць беларусаў менавіта праз раман Караткевіча. Постаць Каліноўскага была знакавай і ў 2019-м, калі ўся Вільня афарбавалася бел-чырвона-белым, і ў 2020-м.

Сёння «Камунікат» зрабіў новае выданне кнігі, і яе тыраж хутка разышоўся. Відавочна, што кніга захоўвае сваю актуальнасць.

«Мы прайгралі 2020 год, – сказаў гісторык, – але гартаючы кнігу Фядуты і ўспамінаючы кнігу Караткевіча, гэта не выглядае на вялікую паразу. Гэта тая параза, з якой увесь час вырастае новая беларушчына. І новае пакаленне пачынае думаць пра свабоду, годнасць і Беларусь і змагацца за яе».

«Лексікон» аўтар адрасаваў гісторыку Адаму Мальдзісу, захавальніку і даследніку беларускай мінуўшчыны, хоць навукоўца гэты твор пабачыць не паспеў.

Віктар Бабарыка, Наталля Мацкевіч і Таццяна Нядбай на прэзентацыі кнігі Сабіны Брыло «Дело Виктора Бабарико». Фота: reform.news

Юрыдычныя мемуары

На міжнародным кірмашы прэзентавалі кнігу Сабіны Брыло «Дело Виктора Бабарико».

Сама аўтарка прысутнічаць не змагла, але была адвакатка Наталля Мацкевіч і сам Віктар Бабарыка.

«Кніга складаецца з некалькіх пластоў. У першую чаргу гэта хроніка палітычнага пераследу, – патлумачыла структуру выдання мадэратарка сустрэчы Таццяна Нядбай. – Гэта палітычная кампанія 2020 года, гэта рашэнне Віктара Бабарыкі ісці на выбары і звязаныя з гэтым падзеі. Гэта мабілізацыя людзей. Гэта збор подпісаў. І надзея на законны шлях пераменаў.

Другі пласт гэтай кнігі – гэта крымінальная справа і крымінальны пераслед.

Трэці пласт – гэта суд, у якім важнай становіцца не толькі пазіцыя абвінавачванага, але і пазіцыя абаронцаў.

Чацвёрты – ізаляцыя, маўчанне, абмежаванне сувязяў.

І пяты пласт – гэта памяць, якую дае кніга, гэта фіксацыя падзеяў. І магчымасць згадаць падзеі траўня 2020 года”.

Наталля Мацкевіч упэўнена, што справа Віктара Бабарыкі – не проста пра парушэнні правоў, а пра іх поўнае разбурэнне з мэтай, каб перашкодзіць чалавеку прамаўляць і выступаць у палітычным полі.

«Як юрыст я бачу ў гэтай справе парушэнне шэрагу правоў з боку дзяржавы. Уласна, сама гэта справа – адно вялікае парушэнне. І зноў жа, мы хацелі гэтай кнігай паказаць, якія аргументы можна супрацьпаставіць гэтым парушэнням. Таму што мы рабілі, што маглі. Лічу, што нядрэнна атрымалася. Вядома, не з пункту гледжання выніку, а з пункту гледжання працэсу».

Самае важнае ў гэтай кнізе, мяркуе адвакатка, што гэта прававая спрэчка, і да гэтага часу яна працягваецца (Была пададзена скарга ў Камітэт па правах чалавека, і цяпер чакаецца рашэнне). У кнізе дадзены голас і апанентам.

«Я б вельмі хацела, каб гэтую кнігу чыталі юрысты ў Беларусі, чыталі людзі з сістэмы. І проста грамадства і прафесійная супольнасць юрыстаў. Сабіна нарасціла на юрыдычную справу атмасфернасць таго, што адбывалас. яАтмасфера вельмі каштоўная рэч, таму што мы паступова забываем тыя падзеі»…

Напрыканцы з залы прагучала пытанне пра тое, як ставіцца Віктар Бабарыка да свайго знакамітага выказвання: «Я не гуляю ў гульні, якія не магу выйграць». Ці па-ранейшаму ён захоўвае гэты аптымізм?

«Я ўпэўнены, – адказаў Бабарыка, – што мы працягваем рабіць тое, што мы пачалі ў 2020-м. Я лічу, што нейкая частка гэтай гульні намі не тое, што была прайграна, таму што нельга казаць пра пройгрыш, калі гульня не скончана.

А некалькі раўндаў апынуліся на карысць саперніка. Але я абсалютна перакананы, што вось гэтая гульня дакладна бяспройгрышная. Ніхто і ніколі не ўмудраўся захаваць дыктатуру і неэфектыўную сістэму на працягу гістарычна доўгага перыяду. Нават прыклад Паўночнай Карэі, як, напэўна, самай працяглай дыктатуры, думаю, мае абсалютныя перспектывы памерці, калі яна пазбавіцца падтрымкі. Таму я перакананы, што наша гульня, а гульня гэта называецца свабодная і правільная Беларусь, не проста не скончылася, яна адназначна бяспройгрышная».

Імёны свабоды – героі Беларусі

У павільёне беларускіх выдавецтваў Уладзімір Арлоў прэзентаваў «Імёны Свабоды. Частка 1» (Kamunikat). Гэта пятае выданне кнігі, у якой вядомы пісьменнік і гісторык змяшчае гістарычных партрэты тых, хто з часоў Тадэвуша Рэйтана і Тадэвуша Касцюшкі змагаліся за свабоду і незалежнасць беларускай зямлі. Матэрыялы пададзены ў выглядзе кароткіх эсэ, дзе кожнаму герою адведзена некалькі абзацаў. Кніга ўключае як вядомыя імёны — паэты, дзеячы культуры і палітыкі — так і менш вядомыя, але значныя ў гісторыі Беларусі.

Другая частка кнігі плануецца напрыканцы года.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!