Экс-кіраўнікі Intex-Press прызнаныя палітвязнямі

Медыямэнэджары Уладзімір Янукевіч і Андрэй Пакаленка прызнаныя палітычнымі зняволенымі, паведамляе БАЖ.

26 лютага Брэсцкі абласны суд прыгаварыў Янукевіча да 14 гадоў калоніі, Пакаленку — да 12 гадоў калоніі паводле артыкула аб дзяржаўнай здрадзе. Абодвум таксама прызначаныя вялізныя штрафы. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

65-гадовы Янукевіч быў дырэктарам і галоўным рэдактарам найбуйнейшай незалежнай рэгіянальнай газеты Intex-Press. 44-гадовы Андрэй Пакаленка займаў пасаду намесніка дырэктара па развіцці. Пасля ліквідацыі газеты яны разам з камандай стварылі навінавы сайт BAR24.

У снежні 2024 года супрацоўнікаў BAR24 затрымалі, правялі ператрусы ў рэдакцыі і кватэрах, канфіскавалі тэхніку. Супраць шасці затрыманых узбудзілі крымінальныя справы паводле артыкула 361-4 КК РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Чатыры супрацоўнікі BAR24 — Наталля Семяновіч, Мікіта Пятроўскі, Руслан Равяка і Людміла Зелянкова — былі прыгавораныя да «хатняй хіміі» і ў лістападзе 2025 года ўнесены ў спіс «экстрэмістаў».

БАЖ адзначае, што крымінальны пераслед Янукевіча і Пакаленкі з’яўляецца працягам рэпрэсій супраць Intex-press і BAR24, і шырэй — у дачыненні да незалежных беларускіх медыя і журналістаў, і накіраваны на спыненне публічнай дзейнасці Янукевіча і Пакаленкі па негвалтоўным ажыццяўленні свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюджвання інфармацыі.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!