“Эфект — што мы павінны быць пастаянна ў напружанні”. Хрэнін ацаніў праверку Лукашэнкі

Беларускія ваенныя павінны заўсёды быць у напружанні. Такі эфект праверкі гатоўнасці, арганізаванай Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін.

“Эфект — што мы павінны быць пастаянна ў напружанні. Ваеннаслужачы павінен быць гатовы маральна і фізічна. І, вядома, быць прафесійна падрыхтаваны”, – сказаў ён, перадае БелТА.

Хрэнін падкрэсліў, што ў пачатку ўзброенага канфлікту разлік робіцца на нечаканасць.

“Не павінна быць так, што нас ашаламілі, мы разгубіліся і разбегліся. Мы павінны адразу даць адпор”, – дадаў ён.

Сёння Аляксандр Лукашэнка вырашыў асабіста паўдзельнічаць у праверцы гатоўнасці, якая праводзіцца па яго ўказанні. Камандзіры падраздзяленняў атрымліваюць заданні на праверку ў абыход Мінабароны і Генштаба.

Лукашэнка прыехаў на 227-мы агульнавайсковы палігон у Барысаўскім раёне. У яго прэс-службе адзначылі, што Хрэніну паведамілі пра мерапрыемства толькі ў 7 раніцы.

“Армія здольная ваяваць. Маршы ўсе здзейснілі, на маршы нікога не страцілі”, – далажыў дзяржсакратар Савбеза Аляксандр Вальфовіч.

Лукашэнку паказалі камандна-назіральны пункт батальёна ў раёне засяроджання. Ён паразмаўляў з ваеннаслужачымі, адзначыўшы, што іх быт уладкаваны лепш, чым у яго часы: “У вас тут курорт”. Адзначыў, што праверку таксама праходзяць і міністр абароны, дзяржсакратар Савбеза.

“Я не кажу, што гэта заўтра будзе. Але і не магу сказаць, што гэтага не будзе ўвогуле”, – заявіў Лукашэнка, маючы на ўвазе любое развіццё падзей.

“Вучыцеся, вучыцеся. На ўсялякі выпадак вучыцеся. Будзеце ўмець усё рабіць — будзеце жыць”, – настаўляў ён ваенных.

Лукашэнку таксама прывезлі на стрэльбішча. Яму паказалі стральбу з гранатамёта і аўтаматаў. Планавалася страляць з узбраення бронетранспарцёраў, але туман скарэктаваў планы.

“Ну, радасці нямнога, давайце так шчыра казаць. Страляюць, бачаць мішэні. Будзем лічыць, што так сабе. Хвалююцца, вядома, — Прэзідэнт стаіць за спінай. Я разумею, што хваляванне пэўнае ёсць. Ну, так на так — дзе-небудзь трапілі, дзе-небудзь прамахнуліся”, – ацаніў Лукашэнка вынікі стральбаў.

“Няхай працуюць далей. Мы паглядзім, як тваё жыццё ўскладніць. Мы табе ўскладняць будзем зараз жыццё. Так што не расслабляйся. Ну а з камбатаў, вядома, шкуру будзем па-мужчынску драць”, – дадаў Лукашэнка, звяртаючыся да Хрэніна.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!