Фото: unsplash.com
Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 12 чалавек. Гэта Дзмітрый Вялаў, Андрэй Сяргееў, Алег Сцефановіч, Лідзія Атаманюк, Віктар Нікіфараў, Мікалай Ланевіч, Андрэй Латышэвіч, Варвара Латышэвіч, Мікалай Пашкоў, Ігар Сутырка, Таццяна Корсакава і Дзмітрый Корсакаў. Колькасць палітвязняў на 30 чэрвеня дасягнула 863 чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Дзмітрый Вялаў прысуджаны да 4 гадоў калоніі паводле арт. 130, 367, 361-4 Крымінальнага кодэкса па абвінавачанні ў садзейнічанні экстрэмісцкаму фарміраванню, распальванні іншай сацыяльнай варожасці і паклёпе на Лукашэнку.
Андрэй Сяргееў прысуджаны да пазбаўлення волі паводле арт. 361-3 ч. 1 і 361-4 ч. Крымінальнага кодэкса за ўдзел у абароне Украіны ад расійскай агрэсіі і садзейнічанне «экстрэмісцкаму фарміраванню».
Алег Сцефановіч прысуджаны да пазбаўлення волі паводле арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў) і паводле арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім).
Ігар Сутырка змешчаны пад варту ў СІЗА паводле адвольнага абвінавачання ў здрадзе дзяржаве паводле арт. 356 КК.
Таццяна Корсакава і Дзмітрый Корсакаў асуджаныя да 12 і 14 гадоў калоніі адпаведна па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве, незаконным перамяшчэнні праз мяжу і іншых незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў паводле арт. 356, 295, 333-1 КК.
Таксама праваабаронцам вядома пра змяшчэнне пад варту за праваабарончую дзейнасць па абароне правоў дзяцей, закранутых узброеным канфліктам, паводле адвольных абвінавачанняў у цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах Лідзіі Атаманюк, Віктара Нікіфарава, Мікалая Ланевіча, Андрэя Латышэвіча, Варвары Латышэвіч, Мікалая Пашкова.