Зяленскі: Расія нават не імітуе спробу спыніць агонь

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расія нават не імітуе спробу спыніць агонь.

“На працягу мінулай ночы расійская армія працягвала наносіць удары па ўкраінскіх пазіцыях. Па стане на 7 раніцы было зафіксавана больш за 140 абстрэлаў пазіцый на фронце. Расіяне правялі за гэтую ноч 10 штурмавых дзеянняў, найбольш на Славянскім напрамку. Таксама яны нанеслі больш за 850 удараў дронамі розных тыпаў: FPV, «Ланцэт» і іншыя. Былі і ўдарныя дроны. Не спынялася і выкарыстанне дронаў-разведчыкаў у небе прыфрантавых супольнасцей.

Усё гэта выразна сведчыць пра тое, што з расійскага боку нават імітацыйнай спробы спыніць агонь на фронце не было. Як і па выніках мінулых сутак, па выніках сённяшніх Украіна будзе дзейнічаць люстэркава. Мы будзем абараняць нашы пазіцыі і жыцці людзей. Расія павінна скончыць сваю вайну, і кожны сапраўды гэта заўважыць, калі рух да міру пачнецца”, — заявіў ён.

Нагадаем, Крэмль раней абвясціў перамір’е з поўначы 8 мая да 10 мая. У заяве расійскага Мінабароны гаварылася, што “спыняюцца ўдары ракетнымі войскамі і артылерыяй, высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці марскога і паветранага базіравання, ударнымі беспілотнымі лятальнымі апаратамі па месцах дыслакацыі УСУ і аб’ектах інфраструктуры, звязаных з ВПК і ўзброенымі сіламі ў глыбіні тэрыторыі Украіны“.

Пры гэтым Паветраныя сілы УСУ паведамілі, што з 18:00 7 мая расійскім бокам былі выкарыстаны 67 беспілотнікаў, 56 з якіх былі збітыя. Былі зафіксаваныя трапленні 11 дронаў у 8 лакацыях і падзенне абломкаў у 7 месцах.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!