Фота: сацсеткі Колі Сулімы.
«Лічу, што гэта няправільна і небяспечна казаць людзям, якія жывуць у Беларусі, у Мінску, што ўсё будзе добра», — выказаўся наконт рэакцыі людзей на ягоны тэкст пра Мінск Коля Суліма. У анлайн-эфіры выдавецтва «Мяне няма», які вяла журналістка Аляксандра Дорская, беларускі пісьменнік падзяліўся сваімі разважаннямі пра тое, чаму яго «мінскі» пост у фейсбуку «ўзарваў» беларускую медыяпрастору.
— Я думаю, што «наступіў» людзям на якісьці фантомны Мінск, — адказваў творца на пытанне вядоўцы. — Мой тэкст закрануў дзве катэгорыі людзей: тых, хто застаўся ў Беларусі, і тых, хто з’ехаў. Яны рэагавалі па-рознаму, а часам — падобна адно да аднога.
Тыя, хто засталіся ў Мінску, абаранялі горад, таму што яны зрабілі выбар і не хацелі бачыць і чуць нічога [адмоўнага]. Бо складана прыняць, што месца, у якім ты свядома застаўся [жыць], камусьці не падабаецца.
Людзі, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь па розных прычынах, і якія не былі ў Мінску ўжо даўно, — у іх сфарміраваўся фантазійны вобраз гэтага горада, на маю думку. І яны не вельмі адчуваюць і разумеюць, як ён выглядае зараз проста таму, што даўно там не былі. Гэта тое, як я сабе тлумачу, чаму мой артыкул выклікаў такую бурлівую рэакцыю.
Аляксандра Дорская ўзняла пытанне эмпатыі да тых, хто застаецца ў Мінску.
— На маю думку, пісьменнік і журналіст не павінен нічога прыхарошваць, шкадаваць кагосьці, ці праяўляць эмпатыю ў дачыненні да чытача, — падзяліўся творца сваім поглядам на літаратуру. — Мне падаецца, што гэта няправільна. Гэта як урач, які кажа хвораму, маўляў, у цябе ўсё добра, ведаючы, што хворы памрэ.
Лічу, што гэта няправільна і небяспечна казаць людзям, якія жывуць у Беларусі, у Мінску, што ўсё будзе добра. На маю думку, людзі бяруць на сябе адказнасць, якую не маюць права на сябе браць. Лічу, што Беларусь — месца даволі небяспечнае, і будзе яшчэ больш небяспечным. І пра гэта трэба казаць людзям, бо для кагосьці гэта будзе мець значэнне. Я не хачу быць чалавекам, які падсалоджвае пілюлю там, дзе не трэба падсалоджваць.
Шмат каго ў тэксце пісьменніка абурыла фраза пра маргіналаў, якія засталіся ў горадзе. Коля Суліма напісаў, што ў сталіцы Беларусі заўважна адсутнічае катэгорыя людзей ад 35 да 50 гадоў. А тыя, хто засталіся са згаданай групы падчас яго нядаўняга візіту ў Мінск – маргіналы. У стрыме творца пагадзіўся з тым, што яго тэкст можна было крыху скарэктаваць.
— Наконт маргіналаў тут выйшла такая гісторыя. Тое, што я напісаў, трэба было крыху скарэктаваць. Зразумела, што ў Мінску не засталіся толькі алкаголікі і маргінальнага выгляду людзі ад 35 да 50 гадоў. Але калі зразумеў, што мяне проста цкуюць, то вырашыў пакінуць [тэкст] як ёсць.
Аўтар мяркуе, што яму было прасцей так пісаць пра горад, бо ён даўно ўжо з ім развітаўся. Коля Суліма жыў у Амерыцы восем гадоў. Зараз яго эміграцыйны досвед у Берліне сягнуў за чатыры гады. Акурат пра свой вопыт пераезду і ўладкавання на новым месцы, у Германіі, аўтар напісаў кнігу «Велосипедная улица, 51», пра якую таксама ішла гаворка на сустрэчы.
— Наконт горада… Мне было прасцей пісаць пра Мінск, таму што я з ім развітаўся і сепарыраваўся даволі даўно. І эмацыйна, і ментальна. Я быў у ім шмат разоў [паміж эміграцыямі]. Я сфатаграфаваў усе месцы, якія былі для мяне каштоўныя, важныя. У мяне была магчымасць «завязаць вузелкі», сказаць «дзякуй» і гэтак далей.
Мне лягчэй, і я вельмі спачуваю людзям, у якіх не было такой магчымасці. Разумею, што ім крыўдна і балюча, бо яны не адгаравалі. Шмат каму з беларусаў прыйшлося з’язджаць [з краіны], пакідаўшы ў заплечнік адно пашпарт і шкарпэткі. У гэтым сэнсе ў мяне было прывілеяванае становішча. А ў сотняў тысяч людзей такой магчымасці не было. Таму мне вельмі шкада, — дадаў ён.
Тым не менш пісьменнік не адмаўляецца ад свайго погляду на Мінск як на небяспечны і змрочны горад.
— Па-першае, я паспеў пажыць і ў Амерыцы, і ў Берліне, і ў мяне ёсць магчымасць параўнаць Мінск з іншымі гарадамі не толькі ў Еўропе ці Амерыцы, — дзеліцца Суліма.
Па-другое, лічу, што не чалавек для горада, а горад — для чалавека. Я разглядаю Мінск з пункта гледжання таго, як ён падыходзіць людзям. І на маю думку, Мінск цяпер — змрочны, цяжкі і нязручны горад з вельмі дрэннай атмасферай. Я маю на ўвазе не паветра, а псіхалагічную атмасферу — тое, што называюць «вайбам». І ў гэтым сэнсе лічу, што магу пісаць пра Мінск тое, што хачу, бо менавіта так сябе ў ім адчуваў. Не лічу, што гэта ганебна, і што я павінен любіць Мінск таму, бо там нарадзіўся. Мне падаецца, што гэта ўсё роўна што любіць таксічных бацькоў, якія цябе б’юць, напрыклад. У гэтым ёсць нейкі мазахізм, які мне не падабаецца.
Я апісаў Мінск так, як яго бачыў і адчуваў.
Пазнаёміцца з творчасцю Колі Сулімы болей можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram