Фото: Reform.by
Ініцыятыва «Будзьма беларусамі!» прызнана «экстрэмісцкім фармаваннем». Рашэнне МУС №2ЭК датавана 29 студзеня. Сёння новая пазіцыя ўнесена ў адпаведны пералік.
“Група грамадзян, якія ўваходзяць у экстрэмісцкае фармаванне «Будзьма беларусамі!», ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць”, — гаворыцца ў дакуменце.
Пазначана, што да ініцыятывы маюць дачыненне Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская. У пералік унесены сайт budzma.org, а таксама рэсурсы ініцыятывы ў розных сацыяльных сетках і месенджарах, адрасы электроннай пошты, акаўнт у PayPal і «лагатып у выглядзе графічнай выявы ў выглядзе схематычнага адлюстравання трох чалавечых сілуэтаў белага колеру на чырвоным фоне».
«Будзьма беларусамі!» стала 331-м фармаваннем у пераліку МУС.
Нагадаем, у Беларусі абвінавачанні ў экстрэмізме на працягу апошніх гадоў выкарыстоўваюцца для барацьбы з апанентамі ўладаў і іншадумствам у цэлым.