Мінсувязі разлічвае на спадарожнікавы інтэрнэт ад Расіі

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі разлічвае вырашыць праблемы з доступам да інтэрнэту ў некаторых раёнах Беларусі за кошт спадарожнікавага праекта Расіі. Пра гэта ў эфіры СТВ заявіў першы намеснік міністра Павел Ткач.

“Мы падтрымалі Расійскую Федэрацыю, калі яны заяўлялі сваю сетку ў Міжнародным саюзе электрасувязі, гэта так званае «Бюро 1440». Яна, вядома, яшчэ знаходзіцца на пачатковай стадыі развіцця пакуль, але тым не менш мы ўжо сустракаліся з калегамі, нам сапраўды цікава, каб не карыстацца ні Starlink, ні яшчэ адным аператарам OneWeb.

Так, мы разглядаем такі варыянт для таго, каб можна было дастаўляць інтэрнэт нават у тыя месцы, дзе, дапусцім, вельмі складана альбо пабудаваць сеткі сотавай сувязі, альбо пракласці валаконна-аптычную лінію, напрыклад, у Палессі, дзе балоты, запаведнікі, не так лёгка ўсё гэта зрабіць. Але хтосьці, дапусцім, адкрые сядзібу, і людзі ўсё роўна хочуць інтэрнэт, і гэта можа быць заменай гэтых тэхналогій, мы ўзаемадзейнічаем”, — сказаў ён.

Праўда, перспектывы ўкаранення тэхналогіі пакуль туманныя. У РФ правялі запуск тэставых спадарожнікаў, але вывад наступнай партыі быў адкладзены.

“Ужо тэставыя спадарожнікі Расійскай Федэрацыі запушчаныя. Праўда, другі запуск, наколькі я ведаю, пакуль быў адкладзены. Але тым не менш мы спадзяёмся, што ў бліжэйшы час, у гэтым годзе яны абяцалі нам прадэманстраваць ужо на практыцы ўсю гэтую працу. Да аднаго гігабіта ў секунду дазваляе тэхналогія. Я думаю, што калі не ў гэтым, то ў наступным годзе ўжо можна будзе казаць пра тое, каб рэальна нам гэта памацаць”, — сказаў ён.

«Бюро 1440» планавала вывесці на арбіту першыя працоўныя спадарожнікі ў 2026 годзе, а да 2027 года нарасціць групоўку да 250 апаратаў і пачаць камерцыйную эксплуатацыю праекта.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!