Хлопец сарваў сцяг, але 3,5 года «хатняй хіміі» атрымала яго сяброўка

У Дрыбінскім раёне 17-гадовы хлопец сарваў дзяржаўны сцяг і зафарбаваў два дарожныя знакі. Пакаранне атрымаў не толькі ён, але і яго 20-гадовая сяброўка.

У кастрычніку 2025 года хлопец «па падбухторванні» знаёмай сарваў сцяг з фасада банка, пашкодзіўшы кранштэйн, дрэўка і сам сцяг. Затым ён зафарбаваў чорнай фарбай два дарожныя знакі «пешаходны пераход». Дзяўчына ўвесь гэты час знаходзілася побач і назірала за дзеяннямі спадарожніка. Сарваны сцяг яна захоўвала дома, паведамляе пракуратура Магілёўскай вобласці.

Падлетка абвінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК) і хуліганстве (ч. 1 арт. 339 КК), дзяўчыну — ва ўцягванні непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства (ч. 1 арт. 172), злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339 КК), здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК).

Хлопец прызнаў віну ў поўным аб’ёме і добраахвотна кампенсаваў шкоду. Яго прыгаварылі да 1 года пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам у 1 год.

Дзяўчына віну не прызнала і ў судзе заявіла, што хлопец дзейнічаў самастойна. З улікам таго, што ў яе ўжо была судзімасць і яна знаходзілася ў стане зменшанай умяняльнасці, суд прыгаварыў яе да 3,5 года «хатняй хіміі». Да яе таксама прымянілі прымусовыя меры бяспекі і лячэння.

Прыгавор не ўступіў у сілу і можа быць абскарджаны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!