Фото: t.me/kgk_oficial
Камітэт дзяржкантролю Брэсцкай вобласці праверыў зварот жыхароў Кобрына наконт стану завулка Будаўнічага і выявіў разыходжанне паміж афіцыйнымі данымі і рэальнасцю.
Раней жыхары скардзіліся ў мясцовы выканкам і атрымалі адказ, што 400 з 540 метраў вуліцы маюць асфальтабетоннае пакрыццё і знаходзяцца ў здавальняючым стане. Аднак фатаграфіі, прыкладзеныя да звароту ў КДК, сведчылі пра адваротнае. Інфармацыя пацвердзілася падчас выезду на месца.
Пасля ўмяшання КДК на завулку былі выкананы работы па падсыпцы асфальтагранулятам. Вінаватыя службовыя асобы райвыканкама і камунальнага прадпрыемства прыцягнуты да адказнасці за неналежны разгляд звароту грамадзян, паведамілі ў прэс-службе ведамства.