НПО «Планар». Фото: БелТА
Дзяржсакратар СД Сяргей Глазьеў назваў завяршэнне рэалізацыі імпартазамяшчальных праектаў у Беларусі пытаннем эканамічнай мэтазгоднасці. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю ТАСС.
Яго спыталі пра 26 імпартазамяшчальных праектаў у прамысловасці, з якіх на фінальнай стадыі толькі пяць.
“Поспехі, несумненна, ёсць. Тое, што праграмы не завершаны, гэта ў першую чаргу пытанне эканамічнай мэтазгоднасці. Галоўнае — што ёсць магчымасць нарошчваць гэта супрацоўніцтва, якое дае нямала вынікаў у электроннай прамысловасці, пра якую я ўжо згадваў. Цяпер цяжка сабе ўявіць расійскія электронныя вырабы без беларускай кааперацыі.
У Беларусі ўдалося захаваць значны навукова-тэхнічны патэнцыял і нарасціць яго. Мала хто ведае, напрыклад, што кожны другі тэлевізар, які прадаецца ў Маскве, вырабляецца на беларускім заводзе “Гарызонт”.
Прыкладна тое ж самае можна сказаць і пра беларускія станкі, тралейбусы, электробусы, сельскагаспадарчую тэхніку. Вось гэты набор, ужо добра вядомы ў Расіі, з’яўляецца прыкладам вытворчасці тавараў Саюзнай дзяржавы. Гэта ўсё — вынікі сумесных праектаў, спалучэння нашых канкурэнтных пераваг”, – адказаў ён.
Трэба адзначыць, што раней беларускія чыноўнікі скардзіліся на тое, што асваенне сродкаў па імпартазамяшчальных праектах ідзе не так хутка, як хацелася б.
Таксама, паводле слоў Глазьева, у межах крэдыту, прадастаўленага РФ беларускім структурам развіцця прамысловасці, дзейнічае “каля 30 праектаў інвестыцыйных і кааперацыйных”.
“Гэта сфера ахоплівае практычна ўсе навукаёмістыя галіны — электронную прамысловасць, электратэхнічную, радыёэлектронную, прыборабудаванне.
Агульны аб’ём тут больш за 100 млрд расійскіх рублёў крэдытаў, якія матэрыялізуюцца ў развіцці кааперацыі ў тых сферах, у якіх мае патрэбу сёння расійская прамысловасць. І ў кааперацыі з беларускімі партнёрамі ўдаецца вырабляць тавары, прызваныя замяніць імпарт, ад якога мы залежым у сферы высокіх тэхналогій, узмацніць нашу канкурэнтаздольнасць, павысіць магчымасці для эканамічнага росту. У гэтым годзе дзеянне гэтай праграмы павінна быць завершана, мы разлічваем на працяг”, – сказаў ён.