Генпракуратура накіравала ў Вярхоўны суд сёмую крымінальную справу аб генацыдзе

Генеральны пракурор Беларусі Дзмітрый Гара накіраваў у Вярхоўны суд крымінальную справу па абвінавачанні ў генацыдзе беларускага народа паводле арт. 127 Крымінальнага кодэкса Антанаса Гецявічуса, ураджэнца вёскі Ёкуляй Клайпедскага павета, які ўзначальваў адзін з узводаў першай роты 12-га ахоўнага батальёна.

“Паводле матэрыялаў справы, Гецявічус на тэрыторыі Мінска і Мінскай вобласці шляхам расстрэлаў з ручной агнястрэльнай баявой зброі, павешання і пахавання жыўцом супрацьпраўна пазбавіў жыцця не менш як 6012 чалавек, у тым ліку 31 загадзя малалетняга дзіцяці, уключаючы асоб, якія знаходзіліся ў бездапаможным стане і загадзя састарэлых”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе Генпракуратуры.

Гэта ўжо сёмая справа аб генацыдзе з абвінавачаннямі ў дачыненні да памерлых асоб. Раней прысуды па аналагічных справах былі вынесеныя памерлым Уладзіміру Катруку, Канстанціну Смоўскаму, Сямёну Серафімовічу, Осіпу Вінніцкаму, Аляксандру Ярмольчыку. Напрыканцы студзеня ў Вярхоўным судзе пачалося судовае следства па крымінальнай справе ў дачыненні да Ганса Зіглінга, які ўваходзіў у склад СС і ахоўнай паліцыі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!