Галоўны ідэолаг Мінабароны абвінаваціў “недоСМІ” ў “педаляванні” недаверу Лукашэнкі да вайскоўцаў

Мінабароны ўслед за Аляксандрам Лукашэнкам вырашыла апраўдацца за праверку баявой гатоўнасці, якая праводзіцца ў абыход кіраўніцтва міністэрства. Памочнік міністра па ідэалагічнай працы — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы міністэрства генерал-маёр Леанід Касінскі ў інтэрв’ю беларускаму тэлебачанню заявіў, што па гэтай тэме ўжо ўсё сказаў Лукашэнка, але ў медыя працягваюць яе “педаляваць”.

“Кіраўнік дзяржавы з гэтай нагоды не так даўно ўсё сказаў. Але тым не менш некаторыя, як я ўжо казаў, недаСМІ, якія нас не любяць, яны працягваюць гэтую тэму педаляваць. Ім гэта выгадна, ім гэта выгадна для таго, каб пасеяць нейкі раскол, сумятню ў беларускім грамадстве.

Трэба разумець, што існуюць розныя віды праверак. Гэта могуць быць планавыя праверкі. Гэта могуць быць раптоўныя праверкі, як у дадзеным выпадку.

У кожнай службовай асобы, пачынаючы ад камандзіра аддзялення і заканчваючы галоўнакамандуючым, ёсць свае правы і абавязкі па пэўных напрамках баявой падрыхтоўкі, падрыхтоўкі Узброеных сіл. Гэтыя правы вызначаны ў заканадаўстве, яны вызначаны ў агульнавайсковых статутах, у баявых статутах Узброеных сіл. Тут няма нічога такога.

Кіраўнік дзяржавы сказаў: “Я давяраю і міністру, Генеральнаму штабу”. Але сам працэс праверкі пабудаваны некалькі іншым спосабам, калі баявыя распараджэнні асабіста ад прэзідэнта ўручаюцца камандзіру батальёна. Любы камандзір у гэтай абстаноўцы і штабы, яны павінны ацаніць абстаноўку, прыняць рашэнне. І ў дадзеным выпадку інфармацыя ацэнкі, збору і аналізу даных ідзе не зверху ўніз, а знізу ўверх. І гэта таксама той працэс, які правярае галоўнакамандуючы”, — сказаў Касінскі.

Ён адзначыў, што сучасны бой — гэта суцэльная раптоўнасць, цяжка пралічыць нават на гадзіны наперад, таму ствараецца напружаная абстаноўка, каб было разуменне, як усе органы кіравання спраўляюцца з задачамі.

“Бо камандзір батальёна, якому ўручаецца распараджэнне ад кіраўніка дзяржавы, у рэальных баявых дзеяннях ён будзе бліжэй за ўсё да праціўніка. То-бок лінія баявога судакранання, па сутнасці ён будзе бачыць усё, што адбываецца. І, адпаведна, ад яго будуць ісці адпаведныя даклады і па разведцы, і будзе запытваць дапамогу, да прыкладу там артылерыі, артылерыі, магчыма, цэнтральнага падпарадкавання, якая знаходзіцца ў распараджэнні Генеральнага штаба, у залежнасці ад далёкасці паражэння цэлі. Вось усе гэтыя працэсы цяпер правяраюцца, таму ўсё добра і ўсё спакойна”, — патлумачыў ідэолаг.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!