Франак Вячорка — пра новую візавую стратэгію ЕС: Візавая сітуацыя ў цэлым застаецца на тым жа ўзроўні, што і летась

Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка пракаментаваў Reform.news новую пяцігадовую стратэгію ў сферы міграцыі, якую ўчора прэзентавала Еўрапейская камісія. Гаворкі пра візавы бан для грамадзян Беларусі не ідзе, лічыць Вячорка.

“Прайшла навіна пра нібыта візавы бан для беларусаў у новай міграцыйнай стратэгіі ЕС. Гэта не адпавядае рэчаіснасці: у самой стратэгіі пра гэта нічога не гаворыцца. Гаворка ішла толькі пра каментары еўракамісаркі пра «мэтавыя абмежавальныя меры па прыпыненні, адмове або абмежаванні візавых заяў у адказ на варожыя дзеянні трэціх краін, якія падрываюць бяспеку ЕС». Але гэта было заўсёды, і гаворка ідзе менавіта пра мэтавыя меры. І да таго ж візы — гэта не кампетэнцыя Еўракамісіі: у першую чаргу іх выдачу вырашаюць краіны-члены”, — растлумачыў ён.

Нагадаем, учора Еўрапейская камісія прадставіла новую пяцігадовую стратэгію ў сферы міграцыі. У стратэгіі ЕС візавая палітыка разглядаецца як інструмент міграцыйнай дыпламатыі і бяспекі, уключаючы механізмы прыпынення або абмежавання выдачы віз грамадзянам трэціх краін. У дакуменце Беларусь і Расія наўпрост названыя дзяржавамі, якія спарадзілі новыя формы гібрыдных пагроз для ЕС, у якіх міграцыя выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. У гэтым кантэксце далейшая выдача віз, у тым ліку турыстычных, грамадзянам краін, якія разглядаюцца як крыніцы пагроз бяспецы ЕС, можа быць прызнаная немэтазгоднай.

“Візавая сітуацыя ў цэлым застаецца на тым жа ўзроўні, што і летась. Горш, чым да кавіду, але значна лепш, чым у іншых краінах і чым магло б быць. Працэнт адмоваў таксама застаецца невялікім. Асноўныя праблемы, вядома, звязаныя з прапускной здольнасцю, бяспекай і недахопам консульскіх супрацоўнікаў. Мы выступаем за шматразовыя і доўгатэрміновыя візы як рашэнне”, — адзначыў Вячорка.

Ён дадаў, што на пачатку сакавіка адбудзецца пасяджэнне кантактнай групы, у тым ліку па гэтым пытанні.

На думку Франака Вячоркі, міграцыйная стратэгія ніяк не згадвае Беларусь. У ёй толькі абазначаныя агульныя рэкамендацыі — мэтава адмаўляць, калі ёсць пагрозы.

“Гэта рэкамендацыі, яны не маюць абавязковай юрыдычнай сілы. Краіны выдаюць візы самастойна. Цяпер лідарамі з’яўляюцца Італія, Францыя, Германія і Венгрыя — яны выдаюць найбольшую колькасць шэнгенскіх віз беларусам і працуюць на максімальнай магутнасці. За гэта мы ім вельмі ўдзячныя”, — дадаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!