«Фонд Шведскага міжнароднага ліберальнага цэнтра» прызнаны “экстрэмісцкай арганізацыяй”

Вярхоўны суд Беларусі рашэннем ад 23 красавіка прызнаў «Фонд Шведскага міжнароднага ліберальнага цэнтра» “экстрэмісцкай арганізацыяй”. Сёння інфармацыя пра гэтае рашэнне з’явілася ў “экстрэмісцкім” пераліку МУС.

У сувязі з арганізацыяй згадваюцца Пер Олсан, Цэзар Чырына, Вольга Неманежына, Сандра Форс, Адзіна Мартын, Інг-Мары Віклунд, Андрэс Бергедэн, Індрэ Булавайце-Андрэева. У пералік унесены сайт цэнтра і акаўнты ў Facebook, Instagram і X.

Фонд быў заснаваны ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя Ліберальнай народнай партыяй Швецыі (цяпер Ліберальная партыя). Яго мэта – падтрымка дэмакратыі. Ён супрацоўнічае з ліберальнымі партыямі і садзейнічае міжпартыйнаму дыялогу. Умацаванне палітычнага ўдзелу жанчын і моладзі з’яўляецца пастаяннай тэмай працы фонду.

Нагадаем, у Беларусі абвінавачанні ў экстрэмізме выкарыстоўваюцца для барацьбы з апанентамі Лукашэнкі і іншадумствам у цэлым.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!