Фото: eaeunion.org
Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі накіраваў краінам ЕАЭС праекты двух пагадненняў. Яны датычацца ўзаемнага прызнання вучоных званняў, а таксама барацьбы з парушэннямі правоў на інтэлектуальную ўласнасць у інтэрнэце. Абодва дакументы павінны прайсці ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, неабходныя для падпісання.
Як расказалі ў прэс-службе ЕЭК, праект у сферы інтэлектуальнай уласнасці прадугледжвае прымяненне краінамі мер па абмежаванні доступу да нелегальнага кантэнту ў судовым парадку. У ім таксама ўстанаўліваецца абавязак уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў абмяжоўваць доступ да такога кантэнту на падставе судовага рашэння. Прапісана стварэнне рэестра для ўліку інфармацыйных рэсурсаў, доступ да якіх абмежаваны.
Праект пагаднення аб узаемным прызнанні дакументаў аб вучоных званнях прадугледжвае ўзаемнае прызнанне адпаведных дакументаў пры працоўнай міграцыі. Пасля ўступлення пагаднення ў сілу вучоны або выкладчык, які пераязджае ў іншую дзяржаву саюза, зможа займацца дзейнасцю ў адпаведнасці з прысвоеным яму званнем без праходжання дадатковых працэдур.