Фото: ЕГУ
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт адказаў на рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі, які прызнаў ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй”. У паведамленні ўніверсітэта гаворыцца, што ён працягне працу.
“ЕГУ — гэта міжнародная акадэмічная супольнасць студэнтаў, выкладчыкаў і даследчыкаў, аб’яднаных каштоўнасцямі адкрытага дыялогу, ведаў і свабоды слова. Універсітэт працягвае сваю дзейнасць у адпаведнасці з гэтымі прынцыпамі і застаецца прасторай для адукацыі і развіцця”, – гаворыцца ў кароткай заяве, апублікаванай на сайце ЕГУ.
У Офісе Святланы Ціханоўскай учора заявілі, што абвінавачанні ў адрас ЕГУ ў «дэстабілізацыі», «працы на спецслужбы» і «падрыхтоўцы заходніх сцэнарыяў» не маюць пад сабой законных падстаў і з’яўляюцца прапагандысцкімі словамі, накіраванымі на апраўданне рэпрэсій. Офіс адзначыў, што прызнанне ЕГУ «экстрэмісцкім» ставіць пад пагрозу бяспеку тысячы студэнтаў і выкладчыкаў.
Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс учора назваў абуральным рашэнне беларускіх уладаў прызнаць ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй» і выказаў універсітэту падтрымку.