Еўразвяз прадаставіць Украіне крэдыт на 90 млрд еўра

Еўрасавет прыняў рашэнне аб фінансаванні Украіны ў 2026–2027 гадах. Кіеву будзе прадастаўлены крэдыт у памеры 90 млрд еўра. Сродкі для яго будуць прыцягнутыя на рынках капіталу і забяспечаныя бюджэтнымі рэзервамі ЕС. Пра гэта гаворыцца ў апублікаваных высновах Еўрасавета па выніках пасяджэння 18 снежня.

Адзначаецца, што любая мабілізацыя рэсурсаў бюджэту ЕС у якасці гарантыі па крэдыце не паўплывае на фінансавыя абавязанні Чэхіі, Венгрыі і Славакіі.

Украіна пагасіць гэты крэдыт толькі пасля атрымання рэпарацый.

Расійскія актывы застануцца замарожанымі да таго часу, пакуль РФ не спыніць агрэсіўную вайну супраць Украіны і не кампенсуе ёй шкоду, прычыненую гэтай вайной.

Адначасова будзе працягнутая праца над тэхнічнымі і прававымі аспектамі інструментаў, якія прадугледжваюць прадастаўленне рэпарацыйнай пазыкі на аснове грашовых рэшткаў, звязаных з імібілізаванымі актывамі Расіі.

ЕС таксама пакідае за сабой права выкарыстоўваць іх для пагашэння крэдыту, выдадзенага Украіне, у поўнай адпаведнасці з правам саюза і міжнародным правам.

У высновах гаворыцца, што Еўрасавет пацвярджае падтрымку Украіны на шляху да членства ў Еўрапейскім саюзе.

“Еўрапейскі саюз падтрымлівае ўсебаковы, справядлівы і трывала замацаваны мір ва Украіне, заснаваны на прынцыпах Статута ААН і міжнароднага права. Нагадваючы аб прынцыпах, выкладзеных ім 6 сакавіка 2025 года, Еўрапейскі савет вітае працяглыя дыпламатычныя намаганні па спыненні вайны і настойліва заклікае Расію пагадзіцца на поўнае, безагаворачнае і неадкладнае спыненне агню, якога Украіна працягвае прытрымлівацца, і прыняць удзел у змястоўных перамовах, накіраваных на ўсталяванне справядлівага і трывалага міру.

Каб мір быў справядлівым і трывалым, межы не павінны змяняцца сілай, а любая будучая дамова павінна паважаць незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і гарантаваць доўгатэрміновую бяспеку Украіны і яе здольнасць абараняць сябе.

Еўрапейскі саюз і яго дзяржавы-члены будуць працягваць актыўна ўдзельнічаць у мірных намаганнях у адпаведнасці з мэтай Еўрапейскага саюза па садзейнічанні міру, замацаванай у дамовах. Шлях да міру ва Украіне не можа быць вызначаны без Украіны. Еўрапейскі саюз будзе прымаць рашэнні па пытаннях сваёй кампетэнцыі або тых, што закранаюць яго бяспеку”, — гаворыцца ў дакуменце.

Як і ў папярэдніх высновах, Еўрасавет асудзіў ваенную і іншую падтрымку РФ з боку трэціх краін, у тым ліку Беларусі, Ірана і КНДР.

“Еўрапейскі савет настойліва заклікае ўсе краіны неадкладна спыніць любую дапамогу Расіі ў яе агрэсіўнай вайне супраць Украіны, няхай гэта будзе прамая ці ўскосная, у прыватнасці, шляхам прадастаўлення тавараў або кампанентаў падвойнага прызначэння”, — гаворыцца ў высновах.

Таксама ў іх утрымліваецца заклік да РФ і Беларусі “неадкладна забяспечыць бяспечнае і безагаворачнае вяртанне ва Украіну ўсіх незаконна дэпартаваных і перамешчаных украінскіх дзяцей і іншых грамадзянскіх асоб”.

Тэкст высноў Еўрасавета быў цвёрда падтрыманы 25 кіраўнікамі дзяржаў або ўрадаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!