Дырэктара дабрачыннага фонду «Дапамога цяжкахворым дзецям» абвінавачваюць у буйным крадзяжы

Дырэктара дабрачыннага фонду «Дапамога цяжкахворым дзецям» абвінавачваюць у крадзяжы больш як 830 тысяч рублёў.

Паводле інфармацыі прэс-службы Следчага камітэта, у 2024 годзе 28-гадовы жыхар сталіцы, стварыўшы фонд, заняў пасаду дырэктара і “аднаасобна кантраляваў дзейнасць арганізацыі: распараджаўся маёмасцю, заключаў дагаворы і здзяйсняў усе юрыдычна значныя дзеянні”.

Фонд збіраў грошы на лячэнне цяжкахворых дзяцей.

“Тысячы калектываў па ўсёй краіне атрымлівалі лісты з просьбай аказаць матэрыяльную дапамогу, у гандлёвых цэнтрах і ўстановах аховы здароўя расстаўляліся скрыні для ахвяраванняў”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Адзначаецца, што наяўныя грошы на рахункі так і не залічваліся, а іх лёс у цяперашні час усталёўваецца следчымі.

Паводле інфармацыі СК, абвінавачаны скажаў інфармацыю пра «падапечных» на сайце арганізацыі, і нават калі фонд ужо аказваў дапамогу, грошы працягвалі паступаць у распараджэнне фігуранта.

У ходзе расследавання было ўстаноўлена, што мінчук з’яўляўся заснавальнікам трох камерцыйных таварыстваў, зарэгістраваных на яго імя, а таксама кіраваў юрыдычнай асобай, створанай яго знаёмай.

У большасці выпадкаў фінансы, якія паступалі на рахунак фонду, не ішлі на дабрачыннасць, а траціліся на гаспадарчыя патрэбы, набыццё і абслугоўванне аўтамабіляў, арэнду кватэры, набыццё тэхнікі, асабістыя бытавыя патрэбы. Таксама грошы незаконна абнаяўліваліся і выводзіліся.

Дзейнасць спынілі супрацоўнікі УДФР КДК па Мінскай вобласці і Мінску. У цяперашні час следчымі ўстаноўлена, што «дабрачынец» выкраў звыш 830 тысяч рублёў.

Фігуранту інкрымінуюць ч. 4 арт. 210 («Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены ў асабліва буйным памеры») Крымінальнага кодэкса. Ён узяты пад варту.

Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!