Дым ахінуў памежныя раёны Літвы з-за ляснога пажару ў Беларусі

Лясны пажар, які ўспыхнуў на беларускім баку мяжы паблізу вёскі Сяновес у Варэнскім раёне, распаўсюдзіў дым на поўдзень Літвы. Літоўскі Дэпартамент пажарнай бяспекі і выратавання разаслаў жыхарам рэгіёна папярэджанне аб павышаным узроўні забруджвання паветра, піша Delfi.

Паводле дадзеных літоўскага боку, пажар пачаўся ў пятніцу ў другой палове дня. Уначы агонь перакінуўся на тэрыторыю Літвы, аднак да 6 раніцы ў нядзелю яго патушылі. На беларускім баку лес працягвае гарэць. У дыме – вёскі Сяновес, Пясчай, Кабяляй, Марцінконіс, Маргёніс і Шклярай, дым рухаецца ў бок Друскінінкая. Жыхары горада і наваколля паведамляюць пра едкі пах гару.

Нацыянальны цэнтр грамадскага здароўя Літвы папярэдзіў пра пагаршэнне якасці паветра на поўдні краіны з-за павышанай канцэнтрацыі цвёрдых часціц. Асаблівую небяспеку забруджанае паветра ўяўляе для дзяцей, пажылых людзей і людзей з хранічнымі захворваннямі. Жыхарам рэкамендуюць як мага менш часу праводзіць на вуліцы, не адкрываць вокны і правесці вільготную ўборку ў памяшканнях.

Нагадаем, сёння паведамлялася, што лясны пажар плошчай 10 гектараў удалося патушыць паблізу вёскі Узбярэжжа Гродзенскага раёна. Пра ўзгаранне ўвечары 2 мая паведамілі жыхары садовага таварыства.

Сёння ў другой палове дня ў МНС паведамілі пра пажар у раёне Парэцкага сельсавета Гродзенскай вобласці. Там гарыць каля 30 гектараў лесу. Для ліквідацыі накіраваны верталёт МНС Мі-8.

Фота: facebook.com/varena.lt
Фота: facebook.com/varena.lt
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!