Скриншот трансляции
Польскія праваахоўнікі затрымалі двух грамадзян Беларусі ў рамках расследавання забойства расійскага мастака Сямёна Скрэпецкага, якое адбылося ўчора ў Бяла-Подлясцы. Пра гэта заявіў прадстаўнік акруговай пракуратуры Бяла-Подляскі Марцін Козак. Паводле яго слоў, правяраецца іх датычнасць да здарэння. Абвінавачанні пакуль нікому не прад’яўленыя. Пошук падазраванага працягваецца.
Паліцыя Бяла-Падляскі таксама звярнулася да грамадзян, якія праязджалі на аўтамабілях з відэарэгістратарамі ў раёне месца забойства, з просьбай прадаставіць відэазапісы.
Забойства адбылося ўчора каля 9:30–9:45. Няўстаноўлены мужчына падышоў да Скрэпецкага і зрабіў тры стрэлы ззаду. Калі той упаў, ён зрабіў яшчэ два стрэлы. На целе загінулага былі выяўленыя пяць раненняў у верхняй частцы грудной клеткі і галаве.
На месцы злачынства былі знойдзеныя гільзы і адна куля калібру 9 мм.
«У ходзе маштабнай паліцэйскай аперацыі былі затрыманыя двое грамадзян Рэспублікі Беларусь. Затрыманне адбылося каля беларускага консульства ў Бяла-Подлясцы. Датычнасць гэтых двух мужчын і іх сувязь з дадзеным інцыдэнтам з’яўляецца прадметам інтэнсіўнага расследавання. На дадзены момант нікому па гэтай справе не прад’яўленыя абвінавачанні. Інтэнсіўныя следчыя дзеянні працягваюцца», — сказаў Козак.
«Да гэтага часу нікому з іх не прад’яўлена абвінавачанне. Іх датычнасць да гэтай справы з’яўляецца прадметам інтэнсіўнай праверкі, якая працягваецца», — падкрэсліў прадстаўнік пракуратуры.
Паводле слоў Козака, затрыманым ад 30 да 40 гадоў.
«У дадзены момант мы не будзем удавацца ў такія падрабязнасці. Як я ўжо згадваў, гэта былі двое грамадзян Беларусі, 33 і 37 гадоў, калі я правільна памятаю, але магу памыляцца», — дадаў ён, адказваючы на ўдакладняльнае пытанне.
Паводле яго слоў, следства хоча ўстанавіць маршрут перамяшчэння затрыманых.
«Таму мы звяртаемся з просьбай прадаставіць усе магчымыя відэазапісы, якія дазволяць нам дакладна аднавіць іх маршрут на працу і назад. Вядома, у нас ужо ёсць некаторыя доказы, якія дазволілі нам затрымаць двух грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія, паводле нашых даных, могуць быць або маглі быць датычнымі да гэтай справы», — дадаў ён.
Не выключаюцца далейшыя затрыманні.
Справа будзе перададзеная ў аддзяленне Нацыянальнай пракуратуры ў Любліне.