Дэлегацыя КР у Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы атрымала права назіраць за мясцовымі выбарамі

Дэлегацыя Каардынацыйнай рады ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы атрымала права прымаць удзел у маніторынгавых місіях па назіранні за мясцовымі выбарамі ў дзяржавах – членах Савета Еўропы. Такая дамоўленасць была дасягнута падчас 50-й сесіі Кангрэса.

«Гэта беспрэцэдэнтнае і вельмі важнае палітычнае рашэнне Кангрэса, якога ўпершыню ўдалося дасягнуць дэлегацыі нашай краіны», — заяўляе КР.

Галоўнай падзеяй сесіі стала рашэнне Бюро Кангрэса аб падрыхтоўцы спецыяльнага даклада пра ролю мясцовых і рэгіянальных уладаў у падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці ў выгнанні. Асобны даклад па сітуацыі ў Беларусі рыхтуецца ўпершыню ў гісторыі мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы.

Падчас сесіі адбыліся двухбаковыя сустрэчы з дэлегацыямі Бельгіі і Германіі, дзе абмяркоўвалася арганізацыя стажыровак для беларусаў у мясцовых органах улады гэтых краін. Гэта дапаможа атрымаць неабходны досвед для рэалізацыі рэформ у новай Беларусі.

Таксама беларуская дэлегацыя прадставіла інфармацыю пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі падчас пасяджэння палітычнай групы Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП), члены якой уваходзяць у Кангрэс.

Дэлегацыя ў цяперашнім складзе (Ірына Халопіца, Юрый Губарэвіч і Аляксандра Дойніч) завяршыла сваю працу ў Кангрэсе. Склад наступнай дэлегацыі будзе залежаць ад выбараў у КР.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!