Фото: BKT
Дарадца прэзідэнта Літвы Дэйвідас Матулёніс дапусціў, што ў выпадку ўзнікнення пытання аб аднаўленні транзіту беларускага калію праз Клайпеду рашэнне можа быць прывязана да ваеннай прысутнасці ЗША. Пакуль жа такое пытанне амерыканскім бокам не ўзнімаецца.
«Гэта карэктныя паводзіны амерыканцаў — яны сапраўды не аказваюць на нас ціску з патрабаваннем прадпрымаць дадатковыя крокі, аднак калі калійныя ўгнаенні з Беларусі пачнуць паступаць у Амерыку, тады паўстане пытанне, якім маршрутам іх транспартаваць. Вось тут і з’явіцца цікавы момант», — сказаў ён, перадае LRT.
Нагадаем, Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі Мінфіна ЗША ў панядзелак выдала ліцэнзію, якая дазваляе здзелкі з «Беларуськаліем», «БКК» і іх даччынымі структурамі, у тым ліку ўкраінскім «Агророзквіт».
«Калі б мы нешта прадпрымалі ў гэтым кірунку, гэта варта было б увязаць, магчыма, з дадатковымі магчымасцямі прысутнасці амерыканскіх сіл. Калі гэтыя ўгнаенні па сутнасці стануць амерыканскімі, будуць прызначаныя для рынку ЗША, то (…) мы павінны апынуцца ў полі амерыканскіх інтарэсаў, але не ісці насуперак амерыканцам», — сказаў ён.
Матулёніс таксама заклікаў не ідэалагізаваць пытанне транзіту беларускіх угнаенняў.
«Нацыянальны інтарэс — гэта спалучэнне каштоўнаснай і прагматычнай палітыкі», — сказаў ён.
Варта адзначыць, што пакуль у сіле застаюцца санкцыі ЕС супраць беларускіх калійных угнаенняў.