Скриншот видео
Тунэлі пад польскім памежным загароджаннем з беларускага боку пракладваюць мігранты-курды. Пра гэта заявіў у эфіры RMF FM міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марцін Кервіньскі. Паводле яго слоў, узнагародай для тых, хто ўдзельнічае ў пракладцы тунэля, з’яўляецца права першымі прайсці па ім. Варта адзначыць, што ўчора намеснік Кервіньскага згадваў мігрантаў з Сірыі, якія ўдзельнічаюць у капанні тунэляў.
“Беларускія службы прывозяць шмат курдаў. Гэта былі курды. Я не ведаю, ці ўсе гэтыя тунэлі пракапалі курды, бо гэта ўжо чацвёрты тунэль. У гэтым удзельнічаюць мігранты з Курдыстана, якія капаюць тунэлі. У іх ёсць, наколькі нам вядома неафіцыйна, пэўныя прэферэнцыі, калі гаворка ідзе пра — калі яны ўдзельнічаюць у капанні такога тунэля — прэферэнцыі быць першымі, хто пройдзе праз гэты тунэль у чарзе беларускіх службаў”, — сказаў ён.
Паводле слоў міністра, тунэль выглядае вельмі прафесійна зробленым. Кервіньскі лічыць, што беларускія службы пераканаліся ў эфектыўнасці загароджання і цяпер шукаюць новыя спосабы. У той жа час ён упэўнены, што польскі бок таксама будзе эфектыўным у выяўленні тунэляў. Ён дадаў, што з прыкладна 180 мігрантаў, якія прайшлі праз тунэль у пятніцу, затрыманыя больш за 140.
“Гэтая мадэль працы застаецца нязменнай. Гэта значыць, гэта нелегальныя імігранты, дастаўленыя ў Расію або Беларусь службамі, расійскімі або беларускімі. Тут нічога не змяняецца. Больш за 90% — гэта маладыя, здаровыя мужчыны, якім, калі можна так выказацца, аказваюць паслугі расійскія або беларускія службы, забяспечваючы ўсе неабходныя інструменты, месцазнаходжанне і ўмовы іх працы”, — сказаў ён.