Дарадца Ціханоўскай перадаў Кіеву спісы палітвязняў-украінцаў

Леанід Марозаў, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях, у межах свайго працоўнага візіту ва Украіну правёў перамовы з упаўнаважаным Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дзмітрыем Лубінцом. Бакі абмеркавалі магчымасць вызвалення беларускіх і ўкраінскіх палітвязняў з турмаў Беларусі, піша «Радыё Свабода».

«Мы хацелі пачаць гэтую размову, бо ўкраінскія ўлады павінны ведаць, што іх грамадзяне там знаходзяцца, у Беларусі», — сказаў Леанід Марозаў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемарафона.

Паводле яго слоў, падрыхтаваныя тры спісы з прозвішчамі ўкраінцаў, асуджаных у Беларусі па палітычных матывах:

  • з агульнага спісу 1300 чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязнямі;
  • з ліку асуджаных за пратэсты супраць расійскай вайны ва Украіне;
  • з асуджаных па «справе Беларускага Гаюна».

«Калі ўкраінскі бок будзе ведаць хаця б імёны, то зможа звязацца з роднымі палітвязняў і спытаць, чым ім дапамагчы. У некаторых выпадках мы самі можам дапамагчы», — дадаў ён.

Марозаў адзначыў, што збліжэнне адміністрацыі ЗША з Аляксандрам Лукашэнкам таксама можна выкарыстаць для працягу вызвалення палітвязняў, якія маюць украінскія пашпарты.

«Калі мы думаем, што ў беларускіх турмах сядзяць толькі беларусы — не. Гэта і грамадзяне Швецыі, Вялікабрытаніі, Польшчы… Таму можна размаўляць з кім заўгодна, каб дапамагчы гэтым людзям, і мы гэта робім», — сказаў ён.

«Гэта быў першы такі візіт, усе сустрэчы (ў Кіеве) праходзілі на беларускай і ўкраінскай мовах. Першая сустрэча, мне здаецца, была даволі эфектыўнай. Плануецца мой наступны візіт з іншымі экспертамі», — адзначыў ён.

Нагадаем, Святлана Ціханоўская і Уладзімір Зяленскі сустрэліся ў Вільні 25 студзеня ўвечары. Бакі абмеркавалі пытанні двухбаковых адносін і міжнародную парадак дня. У прыватнасці, ішла гаворка пра беларускіх добраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну, санкцыйную палітыку, сумесную стратэгію з амерыканскімі і еўрапейскімі партнёрамі, прыцягненне да адказнасці Аляксандра Лукашэнкі.

Было прапанавана прызначыць спецыяльнага пасланніка па Беларусі. Уладзімір Зяленскі запрасіў Святлану Ціханоўскую наведаць Кіеў. Пазней украінскі прэзідэнт пацвердзіў, што займаецца выбарам кандыдата на пасаду ўпаўнаважанага, які будзе займацца сувязямі з беларускімі дэмсіламі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!