У Літве па справе пра «паветраную» кантрабанду цыгарэт з Беларусі праходзяць 28 чалавек

Праваахоўныя органы Літвы прад’явілі падазрэнні 28 фігурантам па справе аб кантрабандзе цыгарэт з Беларусі з выкарыстаннем паветраных шароў. Пра гэта ў сераду паведаміў галоўны пракурор Дэпартамента расследавання арганізаванай злачыннасці і карупцыі Генеральнай пракуратуры Артурас Урбяліс, піша LRT са спасылкай на BNS.

Паводле яго слоў, дасудовае расследаванне было пачата ў снежні мінулага года, і на цяперашнім этапе ў ім фігуруюць 28 падазраваных.

Сярод іх пяць чалавек, меркавана, выконвалі ролю кіраўнікоў злачыннага аб’яднання на тэрыторыі Літвы. Гаворка ідзе пра жыхароў Шальчынінкскага раёна «сталага ўзросту», якія раней ужо прыцягваліся да крымінальнай адказнасці, у тым ліку па справах аб кантрабандзе і незаконным абароце падакцызных тавараў. Яны былі затрыманыя ў панядзелак у ходзе маштабнай аперацыі, пракуратура звярнулася ў суд з хадайніцтвам аб іх арышце.

Намеснік начальніка Бюро крымінальнай паліцыі Літвы Саўлюс Брыгiнас паведаміў, што падазраваныя, паводле версіі следства, прыцягвалі выканаўцаў для арганізацыі кантрабанды цыгарэт з выкарыстаннем паветраных шароў з Беларусі і дзейнічалі ў каардынацыі са злачыннымі групамі на тэрыторыі суседняй дзяржавы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!