Коллаж: spring96.org/be
Віцебскі абласны суд сёння вынес прысуд па завочнай справе ў дачыненні да Алены Жылачкінай (Жываглод), Зарыны Сарокінай, Алега Давыдчыка і Цімафея Малахоўскага, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Актывістаў абвінавацілі паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), ч. 1 і 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці), ч. 1, 2 арт. 367 (паклёп), арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый).
Паводле версіі Генпракуратуры, удзельнікі ініцыятывы «Сумленныя людзі» з ліпеня 2020 года па верасень 2025 года «ажыццяўлялі злачынную дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Польшчы і Літвы».
Алену Жылачкіну (Жываглод) прысудзілі да 10 гадоў калоніі агульнага рэжыму са штрафам у памеры 1500 базавых велічынь, што складае 67 500 рублёў. Зарыне Сарокінай, Цімафею Малахоўскаму і Алегу Давыдчыку прызначылі па 8 гадоў калоніі са штрафам у памеры 900 базавых велічынь (па 40 500 рублёў кожнаму).
Акрамя гэтага, суд пастанавіў спагнаць з актывістаў працэсуальныя выдаткі за аказанне абаронцамі юрыдычнай дапамогі ў суме ад 735 да 1017 рублёў, а таксама працэсуальныя выдаткі на правядзенне экспертызы — па 409 рублёў з кожнага.
Ініцыятыва «Сумленныя людзі» была створаная ў 2020 годзе з мэтай супрацьдзеяння фальсіфікацыям на прэзідэнцкіх выбарах. Яе валанцёры спрабавалі трапіць у склад участковых выбарчых камісій, выступалі ў якасці назіральнікаў. Сумесна з арганізацыямі «Голас» і «ZUBR.in» «Сумленныя людзі» арганізавалі анлайн-платформы для назірання за выбарчымі ўчасткамі і платформу «Голас» для незалежнага падліку галасоў.