CNN падлічыў, колькі разоў Трамп ужо заяўляў пра хуткую здзелку з Іранам

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у панядзелак зноў заявіў пра хуткае заключэнне здзелкі з Іранам. На гэты раз яго словы прагучалі на мітынгу ў падтрымку сенатара Ліндсі Грэма, які ўдзельнічае ў праймерыз Рэспубліканскай партыі.

“Цяпер мы вядзём перамовы, і яны хочуць заключыць вельмі добрую здзелку. Я думаю, мы выйграём гэтую бітву. На працягу наступных двух тыдняў, калі мы абвесцім пра поўную перамогу, гэта будзе поўная перамога, і гэта адбудзецца вельмі хутка, а цэны на нафту пойдуць уніз”, — сказаў ён.

Гэтая заява стала нагодай для CNN падлічыць, колькі разоў Дональд Трамп ужо абяцаў хуткую здзелку з Іранам.

Паводле звестак тэлеканала, 7 красавіка Трамп абвясціў пра спыненне агню з Іранам і заявіў, што для «завяршэння і заключэння пагаднення спатрэбіцца два тыдні». З таго часу мінула два месяцы, на працягу якіх прэзідэнт ЗША рэгулярна казаў пра хуткае дасягненне дамоўленасцей з Іранам. У выніку, паводле падлікаў CNN, такія заявы прагучалі ўжо 37 разоў.

Ужо пасля публікацыі матэрыялу CNN Трамп зрабіў яшчэ адну заяву, размаўляючы з журналістамі пасля наведвання фіналу NBA.

«Мы знаходзімся на завяршальным этапе заключэння вельмі, вельмі выгаднай здзелкі, якая ні ў якім разе не дапусціць наяўнасці ядзернай зброі ў Ірана. Праліў адкрыецца неадкладна. Ён адкрыецца адразу пасля падпісання пагаднення, што можа адбыцца праз два-тры дні», — сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!