“Цэнтр развіцця турызму і міжнародных сувязяў” з’явіўся ў Беларусі

У Беларусі з’явіўся “Цэнтр развіцця турызму і міжнародных сувязяў”. Савет міністраў перайменаваў гуманітарна-адукацыйнае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Цэнтр міжнародных сувязяў». Пастанова ўрада №293 ад 11 чэрвеня сёння апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Адначасова з перайменаваннем Савет міністраў перадаў прадпрыемства з падпарадкавання Міністэрства адукацыі ў падпарадкаванне ДУ «Нацыянальнае агенцтва па турызме».

Прадпрыемства займаецца рэалізацыяй міжнародных праграм у сферы адукацыі, стварэннем умоў для экспарту беларускіх адукацыйных паслуг, арганізацыяй і правядзеннем семінараў, трэнінгаў, наведвання выстаў, а таксама турыстычнымі і экскурсійна-адукацыйнымі праграмамі для вучняў школ і студэнтаў ВНУ, накіраванымі на азнаямленне з культурнай спадчынай і дасягненнямі беларускага народа і іншых дзяржаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!