Фото: Офис Тихановский
Святлана Ціханоўская сустрэлася з генеральным сакратаром Савета Еўропы Аленам Берсэ. Яна ўручыла яму Крыж добрасуседства.
“Рада сустрэцца з генеральным сакратаром Савета Еўропы Аленам Берсэ, сапраўдным сябрам Беларусі і абаронцам правоў чалавека.
Мы абмеркавалі наша супрацоўніцтва ў рамках Кантактнай групы і будучы інфармацыйны пункт у Вільнюсе.
Для мяне вялікі гонар узнагародзіць яго Крыжам Добрасуседства, нашай найвышэйшай узнагародай для замежнікаў”, — паведаміла яна.
«Крыж добрасуседства» – узнагарода Аб’яднанага пераходнага кабінета – уручаецца асабістым рашэннем Святланы Ціханоўскай замежным або беларускім грамадзянам, якія ўнеслі асаблівы ўклад у пабудову адносін Беларусі з іншымі краінамі, а таксама ў справу дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі. Раней узнагародай былі адзначаны былая спецпасланніца ЗША па Беларусі Джулі Фішэр, старшыня Еўрапарламента Раберта Метсола.
Дапоўнена
У Офісе Ціханоўскай паведамілі падрабязнасці сустрэчы з Аленам Берсэ. У ёй таксама прынялі ўдзел саветнікі Ціханоўскай Аляксандр Шлык, Дзяніс Кучынскі, Франак Вячорка і спікер Каардынацыйнага савета Арцём Брухан.
Адзначаецца, што Савет Еўропы ў рамках Кантактнай групы будзе прымаць беларусаў на стажыроўкі, працягне праграму для беларускіх юрыстаў, а таксама будзе працаваць над рэалізацыяй “Люксембургскіх рашэнняў”, каб палепшыць сітуацыю беларусаў у выгнанні. Асобна абмяркоўваўся план інтэграцыі Беларусі ў Савет Еўропы.
Падчас візіту Ціханоўская таксама выступіць перад Камітэтам міністраў СЕ, правядзе брыфінг для паслоў і сустрэнецца з генсакратаром Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў.