Цапкала прапанаваў ЕС увесці санкцыі супраць Raiffeisen Bank

Валерый Цапкала на слуханнях у Еўрапейскім парламенце прадставіў ад імя Беларускага дэмакратычнага форуму петыцыю з заклікам прымяніць санкцыі ў дачыненні да аўстрыйскай банкаўскай групы Raiffeisen Bank International. У раскладзе Еўрапарламента ўказана, што слуханні адбыліся 24 сакавіка.

У петыцыі адзначаецца, што Raiffeisen Bank апынуўся «па-за зонай рэальнага санкцыйнага і рэгулятарнага ўздзеяння» Еўрасаюза.

Цапкала звярнуў увагу, што банк працягвае працаваць у Расіі, абслугоўваючы каля паловы знешнегандлёвага абароту краіны.

Цапкала паставіў пад сумнеў абвешчаны банкам выхад з Беларусі і назваў здзелку па продажы беларускага актыву непразрыстай.

«Мы маем прыкметы магчымай імітацыі выхаду з рынку пры захаванні эканамічных інтарэсаў або кантролю, альбо перадачы актываў асобам, звязаным з сям’ёй Лукашэнкі, а значыць прамы абыход санкцыйнага рэжыму», — заявіў Цапкала ў Еўрапарламенце.

У петыцыі падкрэсліваецца, што санкцыйная палітыка ЕС не павінна быць выбарачнай.

«Калі адзін банк выводзіцца з-пад абмежаванняў, тады як усе астатнія падвяргаюцца санкцыям за супастаўныя дзеянні, санкцыйная палітыка страчвае сваю прававую прыроду. З інструмента абароны міжнароднага права яна ператвараецца ў механізм пераразмеркавання рынкаў і атрымання звышпрыбыткаў.

Тут не можа быць трэцяга варыянту: або санкцыі адмяняюцца, або яны прымяняюцца да ўсіх — без прывілеяў і без выключэнняў», — заявіў Цапкала.

Ён заклікаў увесці санкцыі супраць Raiffeisen Bank, «такія ж, як і ў дачыненні да іншых удзельнікаў фінансавай сістэмы Расіі», а таксама санкцыі супраць кіраўніцтва банка, у тым ліку Ёхана Стробля і Эрвіна Хамесэдэра, уключаючы замарожванне актываў і абмежаванне на перамяшчэнне.

У сваім блогу ў Facebook Цапкала адзначыў, што петыцыя атрымала адзінагалосную падтрымку ўсіх прысутных дэпутатаў, але прадстаўнікоў Еўрапейскай народнай партыі (EPP) на абмеркаванні не было. «Іх ухіленне ад дыскусіі выглядала, прынамсі, дзіўна — тым больш што менавіта яны часцей за іншых выступаюць па пытаннях санкцыйнай палітыкі», – лічыць Цапкала.

У пачатку 2025 Цапкала падаў пазоў супраць Raiffeisen Bank у Грамадзянскі суд Вены. Ён указаў, што банк пазбег санкцый ЕС, зарабляе на вайне і падтрымлівае расійскі і беларускі рэжымы, а таксама датычны да канфіскацыі актываў і канфіскацыі каштоўнасцей палітычных і грамадзянскіх актывістаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!