Фото: tsikhanouskaya.org
Падчас візіту ў Чэхію Святлана Ціханоўская сустрэлася з мэрам Прагі Багуславам Свабодам, паведамляе Офіс лідара дэмсіл.
Палітык падзякавала мэру за падтрымку беларускіх ініцыятыў і дыяспары ў Празе, а таксама за ўдзел у мерапрыемствах з нагоды Дня Волі. Яна адзначыла адкрытасць гарадскіх улад да супрацоўніцтва з беларускімі дэмсіламі і грамадзянскай супольнасцю.
Свабода падкрэсліў, што Прага заўсёды была адкрытая для беларусаў. Ён нагадаў, што сто гадоў таму чэшская сталіца прымала беларускія палітычныя і культурныя эліты, а таксама ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні.
Паводле яго слоў, падтрымка свабоднай і дэмакратычнай Беларусі для Прагі — пытанне прынцыпаў, каштоўнасцяў і гістарычнай салідарнасці. Мэр таксама вітаў вызваленне беларускіх палітвязняў і высока ацаніў працу беларускай дэмакратычнай супольнасці.
Ціханоўская звярнулася да мэра з просьбай узяць патранаж над Кангрэсам беларусаў Чэхіі, які плануецца правесці восенню, а таксама дапамагчы з прадастаўленнем пляцоўкі для беларускіх мерапрыемстваў.
Бакі абмеркавалі магчымасці паглыблення чэшска-беларускіх адносін. Ціханоўская адзначыла, што культура і асвета дапамагаюць захоўваць ідэнтычнасць ва ўмовах рэпрэсій і эміграцыі.
«Я вельмі ўдзячная Празе і Чэхіі за тое, што яна стала домам для многіх беларусаў. Тут яны могуць свабодна вучыцца, працаваць, развіваць культуру і захоўваць сваю ідэнтычнасць. Гэтую падтрымку беларусы ніколі не забудуць», — сказала Ціханоўская.
Падчас візіту ў Чэхію 10–11 чэрвеня Ціханоўская таксама сустрэлася з прэзідэнтам краіны Пятром Паўлам, міністрам замежных спраў Пятром Мацінкам, кіраўніцтвам Сената і беларускай грамадзянскай супольнасцю.