Ціханоўская наведала беларускі шэлтар для былых палітвязняў у Варшаве

Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская наведала беларускі шэлтар для былых палітвязняў у Варшаве. Падчас візіту яна сустрэлася з заснавальніцай шэлтара, былой палітвязынкай і сузаснавальніцай фонду «Прытуляй мяне» Ганнай Федаронак, азнаёмілася з умовамі шэлтара і паразмаўляла з яго жыхарамі.

Падчас сустрэчы абмяркоўваліся бягучыя патрэбы праекта і магчымасці яго далейшай падтрымкі. Былыя палітвязні распавялі пра свой досвед зняволення і ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах. Каманда Святланы Ціханоўскай перадала шэлтару неабходныя бытавыя рэчы.

Беларускі шэлтар у Варшаве прадастаўляе часовае бяспечнае жыллё людзям, якія выйшлі з турмаў і вымушаныя пачынаць жыццё нанова. Пражыванне разлічанае на тэрмін да двух месяцаў, таксама прадастаўляецца базавая гуманітарная і прадуктовая дапамога.

«Вельмі важна, каб людзі, якія прайшлі праз турмы, не заставаліся адны, апынуўшыся на волі. Таму што пасля зняволення ім патрэбная не толькі бяспека, але і чалавечая падтрымка, разуменне, час і прастора, каб аднавіць сілы і пачаць новы этап жыцця. Дзякуй усім, хто стварае і падтрымлівае шэлтар. Ваша праца дае надзею і дапамагае людзям адчуць, што яны не адны на шляху аднаўлення», — заявіла лідарка дэмсіл.

Фота: t.me/tsikhanouskaya
Фота: t.me/tsikhanouskaya
Фота: t.me/tsikhanouskaya
Фота: t.me/tsikhanouskaya
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!