Ціханоўская на пасяджэнні Кансультатыўнай групы ЕС: Ключавы фактар будучыні Беларусі — пазіцыя беларускага народа
Рэдакцыя Reform.news · 6 сакавіка 2026, 13:14
https://reform.news/be/cihano-skaja-na-pasjadzhjenni-kansultaty-naj-grupy-es-kljuchavy-faktar-buduchyni-belarusi-pazicyja-belaruskaga-naroda/Перамір’е ва Украіне можа стварыць новы імпульс для перамен у Беларусі, а эскалацыя — зноў ператварыць яе ў плацдарм для расійскай агрэсіі. Пра гэта заявіла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская на пасяджэнні Кансультатыўнай групы ЕС з удзелам беларускіх дэмакратычных сіл. Пры гэтым, паводле яе слоў, ключавым фактарам застаецца пазіцыя беларускага народа.
Мерапрыемства прайшло 6 сакавіка ў Бруселі. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета, Каардынацыйнай рады і грамадзянскай супольнасці.
Адкрываючы пасяджэнне, Ціханоўская падзякавала Еўракамісіі і партнёрам за падтрымку і адзначыла, што за апошні год ЕС сумесна з беларускімі партнёрамі запусціў новыя механізмы дапамогі рэпрэсаваным беларусам, падтрымаў вызваленых палітвязняў і ўзмацніў дапамогу незалежным СМІ і грамадзянскай супольнасці.
Падчас панэльнай дыскусіі пра палітычную сітуацыю ў Беларусі лідарка дэмсіл заявіла, што развіццё падзей у краіне ў значнай ступені залежыць ад геапалітычнай сітуацыі і развіцця вайны ва Украіне, але ключавым фактарам застаецца пазіцыя беларускага народа.
«Калі будзе заключана перамір’е, гэта можа стварыць новы імпульс і для Беларусі. Але калі адбудзецца эскалацыя, Беларусь можа зноў стаць трамплінам для расійскай агрэсіі», — сказала яна.
«Пытанне ў тым, якой будзе Беларусь пасля Лукашэнкі — і што мы можам зрабіць, каб паставіць краіну на дэмакратычны і еўрапейскі шлях, калі настане гэты момант. Многае з таго, што мы робім цяпер, звязана з падрыхтоўкай: стварэннем інфраструктуры, забеспячэннем легітымнага прадстаўніцтва, стварэннем інструментаў і каналаў, якія могуць адыграць ключавую ролю ў момант перамен», — дадала палітык.
Мэта Кансультатыўнай групы — каардынаваць падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл, грамадзянскай супольнасці і абмяркоўваць будучыню дэмакратычнай Беларусі.


