Ціханоўская і Бяляцкі абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі са спікерам Сейма Літвы
Рэдакцыя Reform.news · 17 снежня 2025, 19:26
https://reform.news/be/cihano-skaja-i-bjaljacki-abmerkavali-situacyju-z-palitvjaznjami-sa-spikeram-sejma-litvy/Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронца, былы палітвязень Алесь Бяляцкі сустрэліся са спікерам Сейма Літвы Юозасам Олекасам. Сустрэча адбылася 17 снежня ў парламенце Літвы. У ёй таксама ўдзельнічалі дарадца Ціханоўскай па дыпламатыі Дзяніс Кучынскі і дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька.
Падчас сустрэчы абмяркоўвалася сітуацыя з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі, а таксама магчымасці супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў з літоўскім Сеймам, паведамілі ў Офісе Ціханоўскай.
«Трэба праясніць лёс рэзалюцыі па Беларусі, якая падрыхтавана, але пакуль не вынесена на галасаванне. Таксама актуальна абмеркаваць перспектыву падпісання Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж парламентам Літвы і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Плюс 2027 год — час старшынства Літвы ў Еўразвязе. Час ідзе хутка, і планаваць, дамаўляцца трэба ўжо цяпер! Ці можам мы разглядаць Літву як стратэгічнага партнёра дэмакратычных сілаў у 2027 годзе?! Адказ фармулюецца тут і цяпер», — заявіў напярэдадні сустрэчы Анатоль Лябедзька.
Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 10 гадоў калоніі. Ён уваходзіць у лік 123 палітвязняў, «памiлаваных» 13 снежня. Бяляцкага вывезлі з Беларусі ў Літву.
Нядаўна адбылася сустрэча Алеся Бяляцкага з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам.




