Ціханоўская ў Давосе: Амерыканскія санкцыі — для вызвалення людзей, еўрапейскія — для вызвалення краіны

Святлана Ціханоўская вітае намаганні ЗША па вызваленні беларускіх палітвязняў, у тым ліку ў абмен на аслабленне санкцый супраць Лукашэнкі. Еўрасаюз, на яе думку, павінен прытрымлівацца паслядоўнай санкцыйнай палітыкі. Пра гэта яна заявіла падчас дыскусіі «Ці зможа Расія падтрымліваць эканоміку ваеннага часу?» ў рамках Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе.

«Выпадак Беларусі вельмі наглядна паказвае, што санкцыі працуюць, таму што Лукашэнка вызваляе людзей не таму, што раптам стаў гуманным. Я б увогуле не падазравала Лукашэнку ў гуманнасці. Ён робіць гэта таму, што санкцыі працуюць, ізаляцыя эфектыўная, і ён гатовы вызваліць нават сваіх самых вялікіх ворагаў, абы толькі пазбавіцца ад гэтых санкцый. У нашым выпадку мы распрацавалі формулу: амерыканскія санкцыі — для вызвалення людзей, еўрапейскія — для вызвалення краіны», — сказала яна.

Паводле яе слоў, еўрапейскія санкцыі значна больш сур’ёзныя, чым амерыканскія. У якасці прыкладу яна прывяла забарону на транзіт калійных угнаенняў. Паводле яе слоў, нават пры аслабленні амерыканскіх санкцый супраць калійнай галіны без транзіту праз Літву даходы не будуць вялікімі.

«Без транзіту праз Еўропу, асабліва праз Літву, Лукашэнка не атрымае вялікай выгады. Вось чаму еўрапейскія санкцыі павінны служыць для незваротных больш маштабных зменаў у Беларусі. І, вядома, вы ведаеце, у выпадку з нашай краінай я вельмі ўдзячная Джону Коўлу, спецыяльнаму пасланніку па Беларусі, за яго, ведаеце, сапраўды інтэнсіўную працу па вызваленні людзей. Але мы просім Еўропу не капіраваць палітыку прэзідэнта Трампа ў дачыненні да санкцый», — сказала яна.

Ціханоўская падкрэсліла, што калі гаварыць пра санкцыйны ціск на РФ, то нельга забываць пра краіны, якія падтрымліваюць Маскву.

«Безумоўна, эканоміка Лукашэнкі працуе на Расію. Каля 200 беларускіх прадпрыемстваў вырабляюць ваенную тэхніку для расійскай вайны. Большасць расійскіх ракетных комплексаў выкарыстоўваюць беларускія шасі. І беларускія банкі выкарыстоўваюцца для ваенных кантрактаў. Таму вельмі важна ўзгадніць санкцыі ў дачыненні да беларускага рэжыму і Расіі, каб пазбегнуць выкарыстання гэтых лазеек. Вядома, цяпер не час адмяняць санкцыі супраць беларускага рэжыму, бо гэта, безумоўна, умацуе Расію», — сказала яна.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!