Ціханоўская атрымала ўзнагароду ў Польшчы

Святлана Ціханоўская ўдастоена міжнароднай Прэміі Караля Эрыка Памеранскага. Сёння яна была ўручана ёй у Дарлове ў Польшчы.

“Узнагарода была прысуджана за дзейнасць па садзейнічанні дэмакратычным пераўтварэнням у Беларусі і ўмацаванні адносін краіны з еўрапейскай супольнасцю”, — гаворыцца ў паведамленні.

Прэмія заснавана ў Дарлове ў гонар народжанага ў горадзе караля Даніі, Швецыі і Нарвегіі Эрыка Памеранскага, першага з каралёў, які ўзначаліў тры краіны ў рамках Кальмарскай уніі.

Святлана Ціханоўская, выступаючы пасля ўручэння прэміі, падкрэсліла, што беларусы, украінцы і палякі змагаюцца за адны і тыя ж каштоўнасці.

“Учора ў краме «Жабка» на вуліцы Морска я падслухала цікавую размову. Прадавец і пажылы пан абмяркоўвалі менавіта гэтую ўзнагароду. Прадавец сказаў: «Узнагароду зноў уручаюць, але не нашым людзям». «Ну так, — ветліва адказаў гэты пан. — Але беларусы — гэта таксама нашы. Сёння змагаюцца за свабоду, як і мы тады».

І ён меў абсалютную рацыю. Беларусы, украінцы і палякі. Мы ўсе ўдзельнічаем у адной і той жа барацьбе. Мы змагаемся за адны і тыя ж каштоўнасці і супрацьстаім аднаму і таму ж злу”, — сказала яна.

“Хоць на гэтым дыпломе напісана маё імя, я хацела б прысвяціць гэтую ўзнагароду тысячам беларусаў, якія працягваюць змагацца за свабоду, нягледзячы на страх, рэпрэсіі і выгнанне. Некаторыя змагаюцца падпольна, некаторыя дапамагаюць, падаючы інфармацыю. Некаторыя падтрымліваюць палітвязняў і іх сем’і. Некаторыя змагаюцца за Украіну. Некаторыя прасоўваюць беларускую мову і культуру, і сёння гэта таксама форма супраціву”, — дадала Ціханоўская.

Яна адзначыла, што не імкнулася стаць палітыкам, але часам жыццё не пытаецца ў нас, ці гатовыя мы.

“Яно проста ставіць нас перад выбарам: прыняць несправядлівасць або супрацьстаяць ёй. І я проста зрабіла тое, што лічыла правільным для сваёй сям’і і сваёй краіны. Як сказаў Анджэй Пачобут, мы проста стараемся паводзіць сябе годна ў недарэчныя часы”, — сказала яна.

Ціханоўская адзначыла, што Польшча разумее барацьбу беларусаў як ніхто іншы. Палякі ведаюць, што значыць жыць пад тыраніяй і змагацца, калі надзеі амаль не засталося. Яна нагадала, што ў палякаў і беларусаў ёсць агульнае ў гісторыі і культуры.

“Мы разам змагаліся ў паўстаннях супраць Расійскай імперыі, і ў нашай гісторыі ніколі не было канфліктаў, якія маглі б падзяліць нашы народы. І ў 2020 годзе Польшча адкрыла свае дзверы і сэрцы для тысяч беларусаў, якія ўцякалі ад рэпрэсій, для незалежных СМІ, праваабаронцаў, людзей культуры і бізнесу.

Але мы разглядаем Польшчу як прыклад, мадэль для Беларусі. Мы хочам, каб Беларусь была падобная да Польшчы — моцнай, дэмакратычнай і квітнеючай. Аднойчы мы адновім нашу краіну і вернемся ў еўрапейскую сям’ю нацый, да якой мы гістарычна належым”, — сказала яна.

Яна заклікала Польшчу захоўваць гэтую падтрымку.

“Я прашу вас заставацца вернымі гэтым прынцыпам, працягваць падтрымліваць Украіну і Беларусь. Мы не дазволім шантажаваць сябе дыктатарам. Дыктатараў нельга замірыць, іх нельга перавыхаваць. З імі можна толькі змагацца. Таму я прашу вас працягваць аказваць ціск на рэжым. Падтрымлівайце жорсткія санкцыі, пакуль мы не ўбачым рэальных зменаў. Пакуль не будуць вызвалены ўсе палітвязні, не спыняцца рэпрэсіі, і Беларусь не перастане быць часткай вайны Расіі”, — сказала яна.

Ціханоўская таксама паўтарыла заклік адрозніваць беларускі рэжым і беларускі народ.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!